Гродзенская курыя паведамляе, што 28 лютага святыя Імшы ў інтэнцыі спачылага кс. Генрыха Багушэўскага SDB, які служыў у гэтай дыяцэзіі, адбудуцца ў Крэве (Смаргонскі дэканат) і Барунах (Ашмянскі дэканат).
Дзякуючы служэнню кс. Багушэўскага ў Барунах быў адноўлены санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных, a ў Крэве пабудаваны новы мураваны касцёл Перамянення Пана.
Імша ў касцёле ў Крэве адбудзецца ў 12.00.
Імша ў санктуарыі ў Барунах адбудзецца ў 18.00.
Да ўдзелу запрашаюцца ўсе святары і свецкія асобы, каб агарнуць малітвай душу спачылага.
Ксёндз Генрых Багушэўскі, салезіянін, адышоў у вечнасць 23 лютага ў шпіталі ў Саколуве-Падляскім (Польшча) ва ўзросце 73 гадоў. Ён быў адным з першых салезіянаў, якія пасля атрымання свабоды веравызнання ў нашай краіне адгукнуліся на заклік тагачаснага адміністратара для католікаў Беларусі біскупа Тадэвуша Кандрусевіча і прыбылі аднаўляць рэлігійнае жыццё вернікаў.
Будучы інспектарам Усходняй салезіянскай акругі з цэнтрам у Маскве, кс. Генрых Багушэўскі клапаціўся асаблівым чынам пра далейшае развіццё салезіянскай супольнасці ў Беларусі.
JM