Skip to main content

Слова Жыцця

Слова Рэдактара

Дарагія Чытачы!

Час канікул завяршыўся. Дзеці і моладзь вярнуліся ў свае адукацыйныя ўстановы, каб працягваць здабываць веды і, як пісаў у сёлетнім пастырскім лісце на пачатак навучальнага і катэхетычнага года біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй, “закладваць фундамент, на якім будзе ўзведзены будынак нашай агульнай будучыні”.

Аднак у памяці застаюцца жывымі ўспаміны пра Юбілей моладзі, які адбыўся ў Рыме і ў якім узялі ўдзел больш за мільён хлопцаў і дзяўчат з усяго свету, у т. л. з Беларусі. Мы з вамі мелі цудоўную магчымасць або ўжывую, або праз сродкі масавай камунікацыі ўбачыць прыгажосць маладога Касцёла.

Дзякуем Богу за моладзь, якая хоча дзейнічаць, а не сядзець на месцы. Ахопім яе гарачай малітвай, каб сапраўды была надзеяй і будучыняй!

16 (660), 14 верасня 2025, слова жыцця

Святы, кроў якога жыве

Saint Januarius 2

Кожны год напярэдадні літургічнага ўспаміну св. Януарыя, біскупа і мучаніка, у катэдры ў Неапалі (Італія) збіраюцца натоўпы вернікаў і чакаюць, калі стануць сведкамі цуду. Справа ў тым, што рэгулярна некалькі разоў на год закрытая ў герметычных флаконах загусцелая кроў святога становіцца вадкай і пульсуючай, як быццам толькі што вылілася.

Літургічны ўспамін св. Януарыя адзначаецца ў Касцёле 19 верасня.

Св. Януарый нарадзіўся каля 270 года. На пачатку IV стагоддзя ён быў біскупам Беневента, горада і сталіцы рэгіёна на ўсход ад Неапаля.

Падчас кіравання імператара Дыяклетыяна ўспыхнула ганенне. Сярод іншых быў арыштаваны дыякан Януарыя Сосій. Біскуп адправіўся ў турму, каб суцешыць дыякана. Разам з ім рушылі ўслед іншыя дыяканы, Фестус і Дэзідэрый. Усіх іх арыштавалі і заклікалі прынесці ахвяру ідалам. Пачуўшы адмову, намеснік Драконцій асудзіў арыштаваных на разарванне дзікім жывёлам падчас гульняў у амфітэатры.

Некаторыя паданні перадаюць, што дзікія жывёлы не хацелі дакранацца да цела св. Януарыя, таму ў рэшце рэшт яму адсеклі галаву. Пасля абезгалоўлівання мучаніка, калі цела сцякала крывёю, адна з жанчын падышла і сабрала яго кроў у флакон. Сёння ампулы з крывёю змешчаны ў рэлікварыі.

Рэліквіі св. Януарыя захоўваліся ў розных месцах. На пачатку V стагоддзя біскуп Неапаля перанёс іх у неапальскія катакомбы. У 831 годзе прынц Беневента, Сікона, захапіў Неапаль, забраў рэліквіі і змясціў іх у касцёле Маці Божай Іерусалімскай у Беневенце. У 1154 годзе кароль Вільгельм І перанёс рэліквіі на Монтэ-Верджын. У 1497 годзе яны былі вернуты ў Неапаль, дзе спачываюць да гэтага часу ў мясцовай катэдры. Св. Януарый – галоўны заступнік горада.

У іканаграфіі св. Януарыя прадстаўляюць у чырвоным біскупскім адзенні. Правай рукой ён бласлаўляе, а левай трымае Евангелле. Атрыбуты святога – ампулы з крывёю ў руках анёлаў, пальмавая галінка, біскупскі крыж, львы каля ног і меч.

Г. зв. “цуд св. Януарыя” – з’ява, назіраемая з XIV стагоддзя. Па сённяшні дзень прырода гэтага феномена невядомая: чаму загусцелая кроў становіцца вадкай з рэгулярнай частатой. Кожны раз, калі б яна не змяняла сваю кансістэнцыю, гэта ўспрымалася як прадвесце хуткага катаклізму або стыхійнага бедства.

Афіцыйнай пазіцыі Касцёла па гэтым пытанні няма. Некалькі разоў праводзіліся даследаванні, якія схіляюць да таго, што прырода дадзенай з’явы звышнатуральная. Даследчык рэліквій прафесар Гастон Ламберціні перакананы, што “кроў св. Януарыя з’яўляецца згусткам, які жыве і дыхае: такім чынам, гэта не нейкая «адчужальная» пабожнасць, а знак вечнага жыцця і ўваскрасення”. У сваю чаргу балонскі кардынал Праспера Ларэнца Ламберціні – пазней папа Бенедыкт XIV – казаў, што “ў Неапалі ёсць кроў, якая не можа дачакацца ўваскрасення...”.

Цуд св. Януарыя адбываецца некалькі разоў на працягу года: акрамя 19 верасня, яшчэ перад першай нядзеляй мая, цягам наступных васьмі дзён і 16 снежня.

Кс. Юрый Марціновіч

16 (660), 14 верасня 2025, слова жыцця

Каралева з Гальшанаў

e7633cb076e09bb68913f241719b35eb

Шмат калі даводзілася бачыць здзіўленне на тварах гасцей Навагрудка, калі яны, стоячы пад мурамі фарнага касцёла, чуюць аповед пра польскага караля Ягайлу і юную беларускую князёўну Соф’ю Гальшанскую, якая ўвайшла ў гісторыю як маці 150-гадовай дынастыі Ягелонаў і як дзеяч, які пакінуў значны след у гісторыі Касцёла.

Беларуская князёўна

Князёўна Соф’я, дзявочы лёс якой даволі сціпла апісваецца ў летапісах, нарадзілася каля 1405 года ў сям’і князя Андрэя з паважанага беларускага роду Гальшанскіх. Яе маці Аляксандра паходзіла з не меней славутага беларускага княскага роду Друцкіх.

Пасля смерці бацькі Соф’я разам з маці і сястрой пераехалі да дзядзькі, князя Сямёна Друцкага. Менавіта там, у Друцку, адбылася лёсавызначальная для Соф’і сустрэча з будучым мужам.

Згодна з апісаннем гэтай гісторыі ў летапісе “Хроніка Быхаўца”, сустрэча мела месца напрыканцы 1420 ці ў пачатку 1421 года, калі польскі кароль Ягайла разам з вялікім князем літоўскім Вітаўтам вярталіся з удалага вайсковага паходу на Смаленск. Яны прыпыніліся ў Друцку, дзе ў доме князя Сямёна Друцкага Ягайла ўбачыў маладую князёўну Соф’ю.

На той момант польскі кароль быў удаўцом, даволі сталага ўзросту. У гэтым месцы гісторыкі разыходзяцца, мяркуючы, што ўзрост Ягайлы быў ад 60 да 71 года.

Coin reverse Sofia of Halshahy

Князёўна на той момант мела 16 гадоў. Кароль, не маючы нашчадкаў мужчынскага полу для перадачы ўлады ад трох мінулых жонак і, зразумела, вельмі заклапочаны гэтымі абставінамі, прапанаваў князю Сямёну выдаць за яго замуж князёўну Соф’ю. Але гэта быў не толькі прагматычны падыход, дзяўчына, між іншым, вельмі спадабалася каралю сваёй прыгажосцю, аб чым ёсць шмат спасылак у гістарычных крыніцах. Але князь Сямён адразу задумаўся, бо тут жа прысутнічала старэйшая сястра Соф’і – Васіліса, для якой застацца незамужняй, калі замуж выходзіць малодшая сятра, лічылася няславаю.

Рашэнне было знойдзена хутка шляхам дамоўленасці аб яшчэ адным шлюбе. Васіліса была сасватана за пляменніка Ягайлы князя Бельскага. Пасля гэтага князь Сямён, канешне, згадзіўся на прапанову. Тым больш, што сватам шлюбу выступіў вялікі князь Вітаўт, які меў цесныя стасункі з родамі Гальшанскіх і Друцкіх.

Шлюб вырашылі зладзіць праз год, бо такое важнае мерапрыемства, вядома, патрабавала “каралеўскай падрыхтоўкі” ва ўсіх сэнсах нестандартнасці выпадку. Каб незадоўга стаць польскай каралевай, князёўна, маючы праваслаўнае веравызнанне, павінна была да шлюбу перайсці ў каталіцтва, што, на думку некаторых даследчыкаў, адбылося ў пачатку 1422 года ў навагрудскім фарным касцёле. У лютым там жа адбыўся сакрамант шлюбу, які быў праведзены біскупам Віленскім Мацеем. Раскошнае вяселле зладзілі ў Лідскім замку.

Польскі трон

Апынуўшыся ў каралеўскім Вавельскім замку ў Кракаве, Соф’я сутыкнулася з жорсткімі ўмовамі палітычнага жыцця. Супраць яе мелася сур’ёзная апазіцыя шляхецкіх партый. Але, дзякуючы падтрымцы вялікага князя Вітаўта і сваім прыродным лідэрскім здольнасцям, Соф’я вытрымала нападкі і была каранавана польскай каронай. Гістарычная падзея адбылася 5 сакавіка 1424 года ў кракаўскім катэдральным касцёле ў прысутнасці чальцоў знаных еўрапейскіх родаў.

У шлюбе з Ягайлам Соф’я нарадзіла трох сыноў: старэйшага Уладзіслава – будучага караля Угоршчыны, малодшага Казіміра – будучага вялікага князя літоўскага і караля польскага, і яшчэ адзін, сярэдні сын памёр у гадавалым ўзросце. Пасля смерці Ягайлы ў 1434 годзе заставалася пры ўладзе як каралева-маці.

“Біблія каралевы Соф’і”

З’яўляючыся, як высветлілася, даволі таленавітым палітычным дзеячам, каралева Соф’я пакінула і значны след у набіраючым моц у Польшы і Вялікім княстве Літоўскім Каталіцкім Касцёле. У 1432 годзе яна заснавала капліцу Святой Тройцы ў Вавельскім катэдральным касцёле. Муры гэтай капліцы ўпрыгожвалі фрэскі ў “рускім стылі”, што, мусіць, было праяўленнем унутранняй тугі па радзіме Соф’і.

Галоўным яе ўкладам, канешне, застаецца “Біблія каралевы Соф’і” – самы стары з існуючых пераклад Бібліі на польскую мову. Соф’я, якая адначасова лічыцца “апошняй неадукаванай каралевай Польшчы” (існуе меркаванне, што навучылася чытаць ужо пасля шлюбу), у 1453 годзе ініцыявала першы біблійны пераклад.

Непасрэдна над ім працаваў тэолаг Кракаўскай Акадэміі капелан Андрэй з Яшовіц. Пераклад на польскую мову рабіўся з чэшскай.

Першы том быў падрыхтаваны ўжо ў 1455 годзе. Пераклад другога тома быў гатовы ў 1460 годзе. Невядома, ці пабачыла каралева Соф’я надрукаваны экземпляр вялікай працы, бо ўлетку 1461 года яна цяжка захварэла і 21 верасня таго ж года памерла.

Пахавана каралева Соф’я ў Вавельскім касцёле ў Кракаве.

Віктар Малежык

16 (660), 14 верасня 2025, слова жыцця

Пілігрымы з Гродзенскай дыяцэзіі на Юбілеі моладзі

biskup rim 1

Юбілей моладзі стаў самым маштабным мерапрыемствам Юбілейнага года надзеі, сабраўшы ў Рыме (Італія) мільён удзельнікаў. З 28 ліпеня па 3 жніўня маладыя католікі з усяго свету запаўнялі вуліцы Вечнага горада, праслаўляючы Езуса Хрыста на роднай мове і на свой лад. Часцінкай гэтага пульсуючага сэрца Касцёла сталі таксама хлопцы і дзяўчаты з Беларусі, у т. л. з Гродзенскай дыяцэзіі.

Нашы людзі ў Вечным горадзе

“Беларусы звычайна больш сціплыя і не любяць прыцягваць увагу. Але памятаю, каб засведчыць пра сябе, мы заспявалі ў метро на беларускай мове песню «Святы Пан»”, – распавядае Вікторыя Сідар.

Гродзенскую дыяцэзію на Юбілеі моладзі ў Рыме прадстаўлялі 116 хлопцаў і дзяўчат, 36 з якіх – навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Падчас шляху да італьянскай сталіцы пілігрымы праехалі тысячы кіламетраў, наведваючы розныя гарады: Будапешт, Фларэнцыю, Венецыю, Падую…

“Былі і ў Асізі. Горад знаходзіцца ў гарах і ўвесь пабудаваны з ружовага каменю. Дзякуючы гэтаму ён выглядае як адно цэлае. Там ціха і спакойна, нягледзячы на шматлікіх пілігрымаў, – распавядае Вікторыя. – Св. Францішак і св. Клара, лёс якіх цесна звязаны з Асізі, з’яўляюцца важнымі святымі ў маім жыцці. Я захапляюся іх гісторыяй і пакліканнем, іх сяброўствам і сэрцам, адкрытым на Божы заклік”.

Яшчэ адзін з удзельнікаў неафіт Глеб Барманаў упэўнены, паломніцтва дапамагло яму пазнаць Божую любоў. “Я зразумеў, наколькі Бог добры, што паказаў мне ўсе гэтыя прыгожыя месцы, што меў магчымасць маліцца там, – дзеліцца хлопец. – Гэта быў мой першы выезд у Еўропу. Мы прысутнічалі на св. Імшы кожны дзень у іншай святыні, і я дасведчыў важнасць штодзённай Эўхарыстыі”.

Гасцінны Рым

Праграма Юбілею моладзі адзначалася разнастайнасцю і збалансаванасцю. Арганізатары прапанавалі ўдзельнікам Дзень споведзі, малітву ля рэліквій бл. П’ера Джорджыа Фрасаці (1901–1925 гг.), цела якога спецыяльна прывезлі ў Рым для ўшанавання, канцэрт папулярнага святара-дыджэя Padre Guilherme, які спалучае электронную музыку з пропаведдзю, і г. д. Разам з тым, у маладзёнаў заставалася шмат вольнага часу.

“Нам пашчасціла размясціцца ў межах горада. Адна з мясцовых парафій выдзеліла сваю тэатральную залу. У гэтым будынку мы і спалі – хто на падлозе, хто на сцэне, а хто вырашыў застацца пад зорным небам. Аскетычныя ўмовы! – распавядае з усмешкай кс. Яўген Амасёнак, адказны за пілігрымку моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. – Арганізатары выдалі талоны, з якімі мы маглі харчавацца ў пэўных рымскіх кафэ бясплатна. Ежы болей чым хапала… Некаторыя нават не выкарысталі ўсе талоны і бралі за іх падарункі дадому”.

uid 36c8f76d9c714b46998b0f49c3e51428 width 1025 play 0 pos 0 gs 0 height 576

Адным з цэнтральных момантаў праграмы стала сустрэча моладзі з папам Львом XIV на полі ўніверсітэта Tor Vergata, дзе Святы Айцец адказаў на пытанні маладых людзей. Пантыфік прыбыў на верталёце, а пасля патануў у натоўпе вернікаў на папамабілі.

“Пасля Дзён моладзі ў Кракаве ў 2016 годзе я асцерагалася ісці на чуванне з Папам. У той раз шлях у абодва бакі пакінуў непрыемныя ўспаміны. Але Італія здзівіла ў добрым сэнсе, – узгадвае Вікторыя. – Найбольш уразіла, калі ўсе разам спявалі песню Jesus Christ You are my life, якую моладзь спявае на сустрэчах з Пантыфікам ужо дзесяткі гадоў”.

“Звычайна чутно пра розныя падзенні Касцёла без удакладнення, да чаго ён імкнецца, – гаворыць Глеб. – Аднак падчас сустрэчы на Тоr Vergata я ўсвядоміў, што Касцёл сабой уяўляе. Няма розніцы, ці хтосьці звяртаецца Ойча, Padre ці Father. Мы ўсе адно, мы молімся ў адных і тых жа інтэнцыях і маем агульную мэту – пашырэнне Божага Валадарства”.


Гэта была незабыўная прыгода і гонар – адчуваць еднасць з моладдзю ўсяго свету, якая гаворыць на розных мовах, выхаваная ў розных культурах і традыцыях, але ўсё ж аб’яднаная адным, галоўным – Езусам Хрыстом. Юбілейныя дні моладзі сталі доказам таго, што, каб сведчыць пра Пана, не трэба валодаць усімі мовамі свету, дастаткова жыць у радасці рэчаіснасці Уваскрасення і дзяліцца ёю з іншымі: часта проста праз шчырую ўсмешку. Гэтую праўду прыгожа перадае апостал Павел:

“Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка” (Флп 4, 4–5).

Павел Догель, семінарыст V курса МВДС


Плён пілігрымкі

Найбольш чаканую падзею Святога года ўдзельнікі пілігрымкі перажылі па-свойму. “Гэта быў часам няпросты досвед другога чалавека побач, калі няма магчымасці пабыць сам-насам з сабою. Але гэта таксама цудоўны досвед прабачэння і прыняцця другога чалавека з яго слабасцямі, а таксама прыняцце ўласных абмежаванняў”, – дзеліцца Вікторыя.

“Нашы пілігрымы зведалі часам няпростыя фізічныя, эмацыянальныя моманты. Не ўсім лёгка даваўся досвед вялікага натоўпу. Але ў выніку ўсе справіліся на выдатна, ніхто не скардзіўся”, – заўважае кс. Яўген.

Святар таксама адзначае, што самы вялікі плён падобных мерапрыемстваў заключаецца ў тым, што маладзёны бачаць: яны не адны ў сваіх жыццёвых памкненнях, што ёсць шмат маладых хлопцаў і дзяўчат, якія шукаюць Бога, сапраўдныя каштоўнасці і не баяцца плыць супраць цячэння. “Гэта вельмі яскравы і натхняльны прыклад для кожнага маладога верніка – падсумоўвае кс. Яўген, – адчуць сябе часцінкай такога вялізнага арганізма, як Каталіцкі Касцёл”.

Дзякую дарагім біскупам за падтрымку і бласлаўленне, прэзбітэрам і дыяканам – за суправаджэнне, сведчанне і служэнне, манаскім сёстрам – за малітву і матчына сэрца, іншым кансэкраваным асобам – за духоўную моц і надзею, а таксама з вялікай радасцю дзякую студэнтам семінарыі ў Гродне, якія разам з іншай моладдзю сведчылі пра жывое сэрца Касцёла і пра гатоўнасць служыць Богу і людзям.


Асаблівая падзяка вам, дарагія юнакі і дзяўчаты, якія з запалам, верай і гатоўнасцю прадстаўлялі Беларусь у сэрцы Паўсюднага Касцёла. Ваша сведчанне – гэта надзея на будучыню. Дзякую за вашу малітву, радасць, сведчанне еднасці з Папам і моладдзю з усяго свету.

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй,

адказны за душпастырства моладзі пры ККББ


На Юбілей моладзі ў Рым прыбыло больш за мільён маладых людзей са 146 краін свету. На завяршэнне папа Леў ХІV запрасіў усіх на Сусветныя дні моладзі, якія адбудуцца ў Паўднёвай Карэі ў жніўні 2027 года.

Ангеліна Марцішэўская

16 (660), 14 верасня 2025, слова жыцця

Падтрымка на шляху да цвярозасці

Аннотация 2025 09 11 140814

Алкагалізм з’яўляецца хваробай не толькі цела, але таксама псіхікі і духа. Таму ў працэсе выздараўлення чалавеку з алкагольнай залежнасцю важна атрымліваць усебаковую дапамогу. У душпастырстве цвярозасці залежныя асобы і іх родныя могуць быць выслуханымі і сустрэць аднадумцаў.

Ад выздараўлення да сведчання

Афіцыйна душпастырства цвярозасці паўстала на Гродзеншчыне ў 2002 годзе, калі быў прызначаны святар, адказны за гэтую супольнасць. Сама ж праца з залежнымі асобамі і апека над імі бярэ пачатак ў канцы 1990-х. Кс. Марыюш Ільяшэвіч, пробашч парафіі ў Лаздунах на Іўеўшчыне, арганізаваў тады першыя ў Беларусі лакальныя рэкалекцыі цвярозасці.

Дзякуючы актыўнасці наступных душпастыраў разам са свецкімі ўдзельнікамі супольнасць развівалася. З часам сталі рэгулярна праводзіцца разнастайныя сустрэчы, духоўныя практыкаванні. Залежныя асобы, якія жылі ў цвярозасці, наведвалі парафіі са сведчаннем свайго выздараўлення.

biahoml svietacz 17

На сённяшні дзень удзельнікі душпастырства сустракаюцца некалькі разоў на год на рэкалекцыях: у першую нядзелю Адвэнту – у Гродне, вясной і восенню – у Баранавічах (Пінская дыяцэзія), летам – у Браславе (Віцебская дыяцэзія). Дадаткова ў ліпені адбываецца сустрэча для сем’яў з аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў.

“Сямейныя рэкалекцыі стартавалі ў 2015 годзе ў в. Далёкія, каля Браслава, дзе служыў наш тагачасны душпастыр кс. Анджэй Бочар. Пасля яго вяртання ў Польшчу напрыканцы 2023 года была паўза. Cёлета мы вырашылі сабрацца ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях”, – распавядае Юрый Гапонік, каардынатар душпастырства цвярозасці ў Гродзенскай дыяцэзіі, спецыяліст тэрапіі залежнасцей.


У душпастырстве цвярозасці я знаходжу ўзаемадапамогу. На рэкалекцыях напаўняюся радасцю, любоўю, верай, надзеяй. Іх плён яшчэ доўга адчуваю ў сваёй штодзённасці…

Ларыса Д.


Традыцыяй з’яўляецца таксама правядзенне ў гродзенскіх касцёлах тэматычнага Крыжовага шляху ў перыяд Вялікага посту. Сёлета ўпершыню такое набажэнства было адпраўлена ў парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску.

Удзельнікі душпастырства

Праграма духоўных практыкаванняў для душпастырства цвярозасці застаецца нязменнай, аднак удзел у кожным яе пункце добраахвотны: св. Імша, Крыжовы шлях, падрыхтоўка да сакраманту пакаяння і споведзь, канферэнцыі, адкрытыя і закрытыя сходы, перапынкі на гарбату і каву, адпачынак. “Дзесьці да 2010 года на рэкалекцыі прыязджала вельмі шмат людзей, чалавек па 150. Не хапала пакояў, удзельнікі спалі на матрасах. Пры гэтым не ўсе ведалі яшчэ, чым насамрэч з’яўляюцца рэкалекцыі. Нехта ехаў як на чарговы форум ананімных алкаголікаў, нехта браў з сабой убранне і туфлі, бо спадзяваўся, што будзе частка з дыскатэкай”, – дзеліцца Юрый Гапонік і дадае, што, магчыма, спачатку так і трэба было. З часам людзей станавілася ўсё менш, і ў выніку арганізавалася сталая група каля 40-50 чалавек.

У склад душпастырства ўваходзяць, у асноўным, самі залежныя асобы, а таксама члены іх сем’яў. Далучаюцца і людзі неабыякавыя да пытанняў алкагалізму, наркаманіі або тыя, хто вырашае адмовіцца ад шкодных звычак. “Гэта людзі, якія шукаюць шлях да цвярозасці і дарогу да Бога”, – адзначае спадар Юрый.


Рэкалекцыі цвярозасці з’яўляюцца для мяне выдатнай магчымасцю ўзмацніць сваю веру, умацаваць адносіны ў сям’і. Гэта таксама час пазнавальных размоў на розныя тэмы і добрага адпачынку.

Юрый Д.


Адказным за душпастырства цвярозасці ў Беларусі з’яўляецца біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Не так даўно па ініцыятыве іерарха ў кожнай дыяцэзіі вызначылі святара, які будзе ангажавацца ў развіццё душпастырства ў сваім рэгіёне. У Гродзенскай дыяцэзіі такія абавязкі ўскладзены на кс. Андрэя Каўшука. Па словах Юрыя Гапоніка, гэта дапаможа ў правядзенні мясцовых рэкалекцый: “Калі ў нас быў адзін душпастыр – як кс. Анджэй Бочар ці пасля кс. Чэслаў Куцмеж, абодва з Віцебскай дыяцэзіі, – то яму даводзілася ехаць на другі канец краіны ў Гродна ці ў Баранавічы, каб правесці там рэкалекцыі. Цяпер жа кожны святар будзе адказным за духоўныя практыкаванні для душпастырства цвярозасці ў сваёй дыяцэзіі”.

У планах таксама зладзіць рэкалекцыі і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Арганізатары ўжо мелі размову аб магчымым месцы іх правядзення.

Першы крок

Супольнасць і падтрымка адзін аднаго адыгрываюць важную ролю ў працэсе выздараўлення і трывання ў цвярозым жыцці. Па-за ўдзелам у рэкалекцыях залежная асоба і яе родныя могуць далучыцца да груп АА (Ананімныя алкаголікі), Ал-Анон (родныя і сябры алкаголікаў) і ДДА (Дарослыя дзеці алкаголікаў) у сваіх мясцовасцях альбо прымаць удзел у разнастайных анлайн-сустрэчах.

“Зараз шмат сустрэч праводзіцца праз інтэрнэт: і цягам тыдня, і нават аднаго дня. Удзельнікі адной з анлайн-груп гэтай вясной нават спаткаліся ў Баранавічах, каб адсвяткаваць гадавіну існавання суполкі. Таксама калі ў суседняй мясцовасці ёсць група, можна хаця б раз у месяц прыязджаць і ўжывую камунікаваць з людзьмі, – гаворыць Юрый Гапонік. – Калі чалавек баіцца ці саромееца, тады вызначаны ўдзельнік групы яго сустрэне і разам з ім прыйдзе на сход”.

Спецыяліст тэрапіі залежнасцей зазначае, што веруючаму чалавеку лягчэй прыйсці на мерапрыемства рэлігійнага характару, чым на сустрэчу групы. Адначасова і гэта бывае зрабіць няпроста. “У сем’ях алкаголікаў існуюць негатыўныя прынцыпы. Адзін з іх – маўчаць і не гаварыць аб праблеме, таксама паміж сабой, – заўважае спадар Юрый. – Ёсць страх, што калі я паўдзельнічаю ў такіх рэкалекцыях, іншыя даведаюцца, што ў мяне альбо ў маёй сям’і праблема. Толькі людзі вакол пра гэта і так ведаюць. Адзін з нашых колішніх удзельнікаў з Мінска, які цяпер жыве ў іншай краіне, казаў: «Калі я піў, думаў, што толькі мая сям’я бачыць, што я алкаголік.

Кінуўшы піць, зразумеў, што пра гэта ведаў увесь горад». Часта мы кіруемся вось такімі памылковымі ўяўленнямі”.

Па словах спадара Юрыя, гэтая праблема датычыць і тых, у каго блізкі злоўжывае алкаголем, – сузалежных асоб. “Ведаю шмат прыкладаў, калі праз родных залежны чалавек пачынаў шукаць дапамогу і, між іншым, прыходзіў у групу ананімных алкаголікаў альбо на адкрытыя сустрэчы разам з блізкай асобай, – узгадвае каардынатар душпастырства. – У той жа час, калі чалавек камунікуе на рэкалекцыях ці на сходах з такімі ж сузалежнымі, якія, як правіла, дзеляцца сваім досведам, ён таксама хоча мець пазітыўны вынік. Пачынае выкарыстоўваць досвед іншых людзей, інакш глядзець на хваробу сваяка і штосьці змяняць у сваіх адносінах да сябе і да блізкага чалавека з залежнасцю…”.

Кацярына Паўлоўская

16 (660), 14 верасня 2025, слова жыцця

Нацыянальнасць у генеалагічных даследаваннях

1001552274 0 113 3242 1937 650x0 80 0 0 1140f2972978a637512ce76fe6cd6b08

Нацыянальнасць у генеалогіі – гэта ідэнтыфікуемая прыналежнасць чалавека да пэўнай народнасці, этнасу ці згоды людзей з агульным культурным, моўным, гістарычным або дзяржаўным кантэкстам.

Нацыянальнасць шмат у чым з’яўляецца пытаннем самаідэнтыфікацыі, асабліва ў беларускім кантэксце, дзе мультыэтнаканфесійныя межы фарміраваліся пад уплывам суседніх культур і палітычных рэжымаў, з улікам змены адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення і г. д. Пры даследаванні архіўных дакументаў трэба аналізаваць, што іменна мелася на ўвазе пад словам “нацыянальнасць” у канкрэтным выпадку, як правільна трактаваць запісы ў крыніцах: было гэта рэальнае самавызначэнне чалавека або адміністрацыйнае патрабаванне, – улічваць кантэкст эпохі і рэгіянальныя практыкі фіксацыі.


Дакументы, якія ўтрымліваюць звесткі пра нацыянальнасць:

дакументы ЗАГС, у прыватнасці пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе, змене імя і прозвішча, пашпарта і інш.;

справы на рэпрэсаваных, ссыльных, раскулачаных, рэпатрыяваных і г. д.;

пагаспадарчыя, дамавыя кнігі, асобныя зямельныя дакументы і рэгістры;

даныя перапісаў: усесаюзнага, усерасійскага, сельскагаспадарчага, гарадскога, школьнага і г. д.;

справы судоў, адвакацкія і натарыяльныя дакументы;

дакументы генеральнай, акруговай, апеляцыйнай і іншай пракуратуры і турмаў (справы арыштантаў);

дакументы навучальных акруг, спісы выкладчыкаў і навучэнцаў, асабістыя справы;

ваенныя і паліцэйскія дакументы;

пасведчанні асобы, легітымацыі, пенсійныя справы, уліковыя дакументы, аўтабіяграфіі, анкеты, выпіскі, дакументы з месца працы і г. д.;

пасведчанні і іншыя дакументы аб пахаванні.


Напрыклад, з ХІХ стагоддзя ў дзяржаўным дакументаабароце ўкаранілася формула, па якой усе беларусы-католікі залічваліся ў групу да палякаў ці літоўцаў, праваслаўныя – да русінаў (беларусаў, рускіх, украінцаў), лютэране – да немцаў, а стараверы – да рускіх / вялікаросаў у залежнасці ад тэрыторыі пражывання, моўных і культурных асаблівасцей. У той час як фашысцкія чыноўнікі і вайскоўцы часта запісвалі ўсіх жыхароў Заходняй Беларусі палякамі, а Усходняй – рускімі па дзяржаўнай прыналежнасці.

Книги ЗАГС о рождении 1927 год Ейское укрепление Встречаются фамилии Скачков 1200x1001

Падчас перапісаў 1920-х гадоў не было нідзе агаворана, як правільна запісваць нацыянальнасць. Гэта прыводзіла да сітуацый, калі перапісчык фіксаваў у адных і тых жа сем’ях людзей то “праваслаўнымі католікамі”, то “тутэйшымі”, то тымі, якія “не вызначыліся”. У некаторых выпадках людзі свядома змянялі самавызначэнне пад уплывам сацыяльных, палітычных умоў або асабістага выбару, каб пазбегнуць рэпрэсій ці палепшыць сацыяльныя шансы і магчымасці і г. д.
Пасля вайны і да 1975 года ў савецкіх дакументах пры вызначэнні нацыянальнасці акцэнт рабіўся на крэўным паходжанні – па нацыянальнасці бацькоў, у першую чаргу, бацькі, не ўлічваючы моўных, культурных, этычных і іншых прыкмет. Важна памятаць! Імя і прозвішча, валоданне той ці іншай мовай не з’яўляюцца асноватворнымі крытэрыямі ў вызначэнні этнасу або нацыянальнасці. Аб такой прыналежнасці канкрэтнага чалавека можна казаць толькі пры наяўнасці сукупнасці розных фактараў.

Для чаго трэба ведаць нацыянальнасць і чым гэта можа дапамагчы ў даследаваннях? Па-першае, гэта дапамагае прасачыць культурную спадчыну продкаў, рэлігійныя і канфесійныя сувязі, а таксама зразумець, якія звычаі і абрады маглі захоўвацца ў сям’і. Па-другое, дае кантэкст для бытавых асаблівасцей, такіх як мова зносін, музычныя, кулінарныя і іншыя традыцыі. Па-трэцяе, можа паказваць і тлумачыць міграцыйныя маршруты, змены тэрыторый, гістарычны ўплыў, працэсы асіміляцыі або захавання культурных асаблівасцей. Па-чацвёртае, дазваляе згладзіць або растлумачыць супярэчнасці паміж дакументамі, імёнамі і датамі праз моўныя і этнакультурныя варыяцыі. Па-пятае, можа служыць арыенцірам для пошуку дакументаў, звязаных з канкрэтнай агульнасцю і групай, што паскарае і павышае эфектыўнасць даследавання. У некаторых перыядах і рэгіёнах яна можа істотна звузіць або пашырыць кола крыніц.

Аляксей Білецкі

16 (660), 14 верасня 2025, слова жыцця

14 верасня – каментарый да Евангелля на свята Узвышэння Святога Крыжа (Ян 3, 13–17)

6 1

Дар Божай любові

Падчас начной размовы з Нікадзімам, прадстаўніком габрэйскай рэлігійнай эліты, Езус спасылаецца на падзею часоў вандроўкі ізраільцян па пустыні (Ліч 21, 4–9). Нягледзячы на досвед Провіду, народ наракаў, бунтаваўся, сварыўся з Майсеем, ставіў пад сумнеў дабрыню Бога. Тады з’явіліся змеі, якія знішчалі народ. І людзі звярнуліся да яўрэйскага прарока, які ў заступніцкай малітве здабыў прыхільнасць Яхвэ. Бог загадаў Майсею зрабіць меднага змея і павесіць яго на кол. Той, хто з верай глядзеў на яго, выжыў.

Гэтую старажытную падзею з гісторыі Ізраіля Езус супастаўляе са сваёй мукай і смерцю. Так Ён прадвяшчае сваё ўзвышэнне на крыжы. Габрэі неаднаразова хацелі пабіць Хрыста камянямі, таму што лічылі Яго блюзнерам. Аднак Бог не жадаў, каб Езус быў каменаваны. Чалавек, забіты камянямі, становіцца нябачным. Божы Сын, наадварот, меў быць паказаны ва ўсёй постаці і ў поўным святле на крыжы, каб Яго можна было сузіраць і адараваць.

Св. Ян паказвае крыж Адкупіцеля як трон цара і месца ўзвышэння: “Калі ўзвысіце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць” (Ян 8, 28); “І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе” (Ян 12, 32). Езус на крыжы прыцягвае ўсіх да сябе сваёй любоўю.

Крыж Хрыста гаворыць нам пра любоў Бога да чалавека. Любоў – самае важнае слова, сказанае Усемагутным. Больш за тое, належыць да сутнасці Бога, бо Ён ёсць любоў (параўн. 1 Ян 4, 8). Аднак Бог не “захоўвае” любоў для сябе, а дзеліцца ёю са светам, з чалавекам. Свет, хоць і грэшны, знаходзіцца ў сэрцы Пана: нарадзіўся ад Яго любові, жыве дзякуючы ёй і збавіцца дзякуючы ёй.

Давайце адкрыем свае сэрцы і розумы на дар Божай любові!

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду

16 (660), 14 верасня 2025, слова жыцця

21 верасня – каментарый да першага чытання на ХХV Звычайную нядзелю (Ам 8, 4–7)

6 1

Быць багатым

Сярод людзей, якія неглыбока ведаюць хрысціянства, існуе стэрэатып: Біблія вучыць пакоры перад багатымі, таму вера і Царква на працягу стагоддзяў былі памагатымі прыгнятальнікаў. З іх дапамогай тыя, хто меў грошы і ўладу, трымалі ў падпарадкаванні бедных і неадукаваных. Ці сапраўды гэта так?

У Святым Пісанні чуем словы кнігі прарока Амоса, які ўшчувае хцівых і несправядлівых багацеяў: “Паслухайце гэта вы, што ўціскаеце ўбогага і даводзіце да галечы беднага. Вы, якія кажаце: Калі ж міне час маладзіка, каб мы маглі […] паменшыць меру, павялічыць цану сікля і ашукваць няправільнымі вагамі, каб купляць бедных за срэбра і ўбогіх за пару абутку […]? Госпад пакляўся гонарам Якуба: «Ніколі не забуду ніводнага з іхніх учынкаў!»” (Ам 8, 4–7). Гэтыя словы напісаны больш чым за сем стагоддзяў да нараджэння Хрыста.

У адрозненне ад палітычных рухаў, што прапануюць забраць багацці ў заможных і падзяліць паміж беднымі, хрысціянства заўсёды выступала супраць гвалтоўнага пераразмеркавання маёмасці. Царква вучыць дзяліцца: тыя, каму Госпад даў шмат, каб дасягнуць збаўлення, пакліканы добраахвотна дапамагаць тым, хто церпіць нястачу.

Сёння большасць з нас жыве ў дабрабыце: маем што есці, дзе жыць, у што апрануцца. Атрымліваем годныя заробкі. Маем сродкі на тое, каб добра правесці час, маем аўтамабілі, камп’ютэры, тэлефоны і г. д. Аднак памятайма, Госпад даў нам усё гэта не для таго, каб задавальняць свае капрызы, а для таго, каб разумна карыстацца і дзяліцца з тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе. Як пісаў св. Ян Залатавусны, “багаты не той, хто шмат прыдбаў, а той, хто шмат раздаў”.

А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду

 

 

16 (660), 14 верасня 2025, слова жыцця

8 чэрвеня – каментарый да Евангелля на ўрачыстасць Спаслання Святога Духа (Ян 20, 19–23)

Вяртанне вобразу і падабенства Божага

У Евангеллі мы чытаем пра асаблівы дар, які ўваскрослы Госпад дае апосталам, і які, напэўна, з’яўляецца фундаментам для прыняцця іншых дароў. “Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца»” (Ян 20, 21–23).

Чаму Хрыстос звязвае прыняцце Святога Духа апосталамі з уладаю адпускаць грахі? Для гэтага варта згадаць, чым на самой справе з’яўляецца грэх. Гэта не проста нейкая недасканаласць, недакладнасць ва ўчынках чалавека, а страта вобразу і падабенства Божага ў нас. Св. Базыль Вялікі пісаў: “Бог стварыў чалавека на свой вобраз і сваё падабенства, а грэх прыгажосць гэтага вобразу сапсаваў, уцягнуўшы чалавека ў жарсці і пажадлівасць. Бог – Творца жыцця, Ён ёсць сапраўдным жыццём, таму той, хто губляе Божае падабенства, губляе сувязь з жыццём”.

У Акафісце да Святога Духа Царква візантыйскай традыцыі моліцца: “Без Цябе мы нішто, Духу Божы, без Цябе мы губляем чалавечае падабенства, без Цябе мы не можам быць Божым вобразам”. Таму сыходжанне Святога Духа – гэта, у першую чаргу, вызваленне ад наступстваў граху. А потым Трэцяя Асоба Святой Тройцы дае нам іншыя дары, неабходныя для хрысціянскага жыцця ды служэння ў супольнасці Царквы.

Памятайма, што ўладу адпускаць грахі Хрыстос даў апосталам, а тыя перадалі яе сваім наступнікам – біскупам і святарам. Таму, каб вярнуць сабе вобраз і падабенства Божае, неабходна прыступаць да святой тайны Пакаяння, у якой дзейнічае Святы Дух. А пасля атрымання разграшэння праславіць Яго, напрыклад, словамі Акафіста: “Багацце міласэрнасці паказаў Ты, Творча, даруючы нам у Тайнах жыццё вечнае, і мы, ад ярма грахоўнага вызваляючыся, праслаўляем Цябе словамі: Уладару Нябесны, Ты кайданы грахоўныя знішчаеш!”.

А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду

слова жыцця, 11 (655), 1 чэрвеня 2025