Быць багатым
Сярод людзей, якія неглыбока ведаюць хрысціянства, існуе стэрэатып: Біблія вучыць пакоры перад багатымі, таму вера і Царква на працягу стагоддзяў былі памагатымі прыгнятальнікаў. З іх дапамогай тыя, хто меў грошы і ўладу, трымалі ў падпарадкаванні бедных і неадукаваных. Ці сапраўды гэта так?
У Святым Пісанні чуем словы кнігі прарока Амоса, які ўшчувае хцівых і несправядлівых багацеяў: “Паслухайце гэта вы, што ўціскаеце ўбогага і даводзіце да галечы беднага. Вы, якія кажаце: Калі ж міне час маладзіка, каб мы маглі […] паменшыць меру, павялічыць цану сікля і ашукваць няправільнымі вагамі, каб купляць бедных за срэбра і ўбогіх за пару абутку […]? Госпад пакляўся гонарам Якуба: «Ніколі не забуду ніводнага з іхніх учынкаў!»” (Ам 8, 4–7). Гэтыя словы напісаны больш чым за сем стагоддзяў да нараджэння Хрыста.
У адрозненне ад палітычных рухаў, што прапануюць забраць багацці ў заможных і падзяліць паміж беднымі, хрысціянства заўсёды выступала супраць гвалтоўнага пераразмеркавання маёмасці. Царква вучыць дзяліцца: тыя, каму Госпад даў шмат, каб дасягнуць збаўлення, пакліканы добраахвотна дапамагаць тым, хто церпіць нястачу.
Сёння большасць з нас жыве ў дабрабыце: маем што есці, дзе жыць, у што апрануцца. Атрымліваем годныя заробкі. Маем сродкі на тое, каб добра правесці час, маем аўтамабілі, камп’ютэры, тэлефоны і г. д. Аднак памятайма, Госпад даў нам усё гэта не для таго, каб задавальняць свае капрызы, а для таго, каб разумна карыстацца і дзяліцца з тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе. Як пісаў св. Ян Залатавусны, “багаты не той, хто шмат прыдбаў, а той, хто шмат раздаў”.
А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду