Дар Божай любові
Падчас начной размовы з Нікадзімам, прадстаўніком габрэйскай рэлігійнай эліты, Езус спасылаецца на падзею часоў вандроўкі ізраільцян па пустыні (Ліч 21, 4–9). Нягледзячы на досвед Провіду, народ наракаў, бунтаваўся, сварыўся з Майсеем, ставіў пад сумнеў дабрыню Бога. Тады з’явіліся змеі, якія знішчалі народ. І людзі звярнуліся да яўрэйскага прарока, які ў заступніцкай малітве здабыў прыхільнасць Яхвэ. Бог загадаў Майсею зрабіць меднага змея і павесіць яго на кол. Той, хто з верай глядзеў на яго, выжыў.
Гэтую старажытную падзею з гісторыі Ізраіля Езус супастаўляе са сваёй мукай і смерцю. Так Ён прадвяшчае сваё ўзвышэнне на крыжы. Габрэі неаднаразова хацелі пабіць Хрыста камянямі, таму што лічылі Яго блюзнерам. Аднак Бог не жадаў, каб Езус быў каменаваны. Чалавек, забіты камянямі, становіцца нябачным. Божы Сын, наадварот, меў быць паказаны ва ўсёй постаці і ў поўным святле на крыжы, каб Яго можна было сузіраць і адараваць.
Св. Ян паказвае крыж Адкупіцеля як трон цара і месца ўзвышэння: “Калі ўзвысіце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць” (Ян 8, 28); “І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе” (Ян 12, 32). Езус на крыжы прыцягвае ўсіх да сябе сваёй любоўю.
Крыж Хрыста гаворыць нам пра любоў Бога да чалавека. Любоў – самае важнае слова, сказанае Усемагутным. Больш за тое, належыць да сутнасці Бога, бо Ён ёсць любоў (параўн. 1 Ян 4, 8). Аднак Бог не “захоўвае” любоў для сябе, а дзеліцца ёю са светам, з чалавекам. Свет, хоць і грэшны, знаходзіцца ў сэрцы Пана: нарадзіўся ад Яго любові, жыве дзякуючы ёй і збавіцца дзякуючы ёй.
Давайце адкрыем свае сэрцы і розумы на дар Божай любові!
Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду