18 лютага ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат) адбылася святая Імша ў інтэнцыі памерлага год таму кс. Паўла Барысевіча.
Ксёндз Павел паходзіў з гэтай парафіяльнай супольнасці, быў пахаваны ля гістарычнай велічнай святыні ў Старых Васілішках. У апошнія гады да моманту смерці ён быў адміністратарaм парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваельні (Дзятлаўскі дэканат).
Імшу з удзелам святароў, маці і блізкіх спачылага, а таксама вернікаў узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На пачатку Эўхарыстыі іерарх падкрэсліў, што яна з’яўляецца падзякай за кароткае, бо яно склала няпоўных 10 гадоў, святарскае служэнне кс. Паўла.
Біскуп заахвоціў усіх годным і належным чынам перажыць час Вялікага посту, які павінен стаць для кожнага нагодай задумацца над сваім прызначэннем да вечнага жыцця.
Гамілію прамовіў кс. Уладзіслаў Сурвіла, аднакурснік кс. Паўла Барысевіча. Святар адзначыў, што Бог дае кожнаму чалавеку час, які трэба выкарыстаць адпаведным чынам, каб заслужыць дар вечнага жыцця.
На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. Збігнеў Драгула падзякаваў усім прысутным за прыбыццё на Эўхарыстыю і малітву ў інтэнцыі спачылага святара.
Пасля Імшы біскуп Кашкевіч благаславіў помнік, усталяваны на месцы пахавання кс. Паўла.
Ксёндз Павел Барысевіч нарадзіўся 10 красавіка 1984 года. Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч 16 лістапада 2010 года ў катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Пасля пасвячэння служыў вікарыем у парафіi св. Юзафа ў Гродне, парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні, парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, адміністратарам парафіі Божага Цела ў Дварцы.
З 2015 года і да моманту смерці з’яўляўся адміністратарам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваельні. Ужо на працягу доўгага часу меў праблемы са здароўем. Адышоў у вечнасць 17 лютага 2020 г.
Кс. Юрый Марціновіч