Skip to main content

Дажынкі ў Рэплі

28 жніўня ў парафіі Рэпля прайшлі Дажынкі. Гэта даўняя традыцыя парафіі – дзякаваць Пану Богу за плёны падчас урачыстай св. Імшы. Штогод урачыстасць рыхтуе новая вёска. Сёлета гэта былі Дуляўцы.

Падрыхтоўка распачалася задоўга да свята. Гаспадыні ўпрыгожылі касцёл дарамі зямлі – кветкамі і каласамі, з якіх былі зроблены таксама вялікія крыж і сэрца, напяклі прысмакаў з мукі сёлетняга ўраджаю, падбіралі адпаведныя песні і вершы. У нядзелю перад св. Імшой удзельнікі працэсіі сабраліся каля плябаніі і на чале са святаром рушылі ў святыню, перапоўненую парафіянамі з усіх навакольных вёсак, несучы Пану Богу плён сваёй працы.

Эўхарыстыю ўзначаліў пробашч кс.Андрэй Зайко, які ў сваёй гаміліі заахвоціў шматлікіх вернікаў да шчырай удзячнасці Пану Богу за атрыманыя ад яго ласкі, за плёны, за хлеб. У сувязі з надыходзячым пачаткам новага навучальнага года ксёндз пробашч асобна звярнуўся таксама да настаўнікаў, падкрэсліваючы іх важную ролю ў выхаванні маладога пакалення, і да дзяцей, заахвочваючы іх да руплівай адказнай вучобы і спазнавання новага не толькі на занятках у школе, але і на ўроках рэлігіі.

Напрыканцы Эўхарыстыі адбылося асвячэнне дароў зямлі, якія парафіяне прынеслі ў святыню. Пасля супольнага пачастунку прысмакамі з новага ўраджаю і слоў удзячнасці ў адрас ксяндза пробашча, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў і сельсавета, якое таксама прысутнічала на св. Імшы, і ўсіх парафіян адбылося асвячэнне школьных ранцаў і прылад, з якімі прыйшлі ў касцёл школьнікі.