14 лютага ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваельні (Дзятлаўскі дэканат) адбылася святая Імша ў гадавіну смерці кс. Паўла Барысевіча, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У Імшы ўдзельнічалі дэкан кс. Ян Балтрукевіч, пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі і кс. Андрэй Пышынскі, які вучыўся разам з кс. Паўлам.
Падчас Эўхарыстыі біскуп падзякаваў Богу за ксяндза Паўла, які адышоў па ўзнагароду да Пана год таму, за ягонае святарскае служэнне і прыклад пабожнага жыцця, і заклікаў парафіянаў памятаць пра спачылага душпастыра.
На заканчэнне Імшы іерарх благаславіў памятную дошку, якая намаганнямі парафіянаў і пробашча была ўсталявана ў касцёле. На ёй выяўлены эўхарыстычныя сімвалы гостыя і келіх у абрамленні калосся і вінаграднай лазы, пазначаны гады жыцця ксяндза Паўла Барысевіча і перыяд яго пастырскага служэння ў Наваельні.
Ксёндз Павел Барысевіч нарадзіўся 10 красавіка 1984 года. Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч 16 лістапада 2010 года ў катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Служыў вікарыем у парафіях св. Юзафа ў Гродне, Маці Божай Ружанцовай у Радуні, св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, адміністратарам парафіі Божага Цела ў Дварцы. З 2015 года і да моманту смерці з’яўляўся адміністратарам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваельні.
Аксана Бортнік