Skip to main content

Гродзенскі “Карытас” распачаў дабрачынную акцыю да Сусветнага дня хворага

сaritas pomoc 6Няглядзечы на надвор’е і сітуацыю, звязаную з каранавірусам, Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” актыўна працуе і скіроўвае свае намаганні на падтрымку патрабуючых. Аказваецца дапамога састарэлым і патрабуючым у сельскай мясцовасці, рыхтуюцца пасылкі з харчаваннем, адзеннем, неабходнымі медыцынскімі рэчамі, у сталовай бяздомным і бедным выдаюцца гарачыя абеды.

Традыцыйна супрацоўнікі і валанцёры дабрачыннай арганізацыі распачалі акцыю да Сусветнага дня хворага, па магчымасці дапамагаючы ўсім неабходным для захавання і ўмацавання здароўя, добрага самаадчування самотных людзей, якія перажываюць цяжкасці ў час хваробы і патрабуюць асаблівай увагі.

Нядаўна ў таварыства “Карытас” была магчымасць падтрымаць Гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі ў Гродне. Бальніцы было перададзена сем медыцынскіх ложкаў і чатыры каляскі для прыбірання. Сацыяльна-дабрачыннай установе “Рука дапамогі” быў перададзены ноўтбук. Таксама больш за 20 пажылых і патрабуючых асобаў атрымалі пасылкі з прадуктамі харчавання.

Супрацоўнікі “Карытас” спадзяюцца, што іх дапамога знойдзе сціплы водгук у сэрцах патрабуючых.

Таксама за дзейнасцю дабрачыннай арганізацыі можна сачыць на старонцы ў інстаграме .

“Карытас” Гродна