У сувязі з тым, што айцец Казімір Жыліс знаходзіцца ў адным са шпіталяў у Варшаве, а стан яго здароўя ў апошні час пагоршыўся, заахвочваем усіх вернікаў і людзей добрай волі да руплівай малітвы ў яго інтэнцыі.
Просім добрага Бога даць заслужанаму святару Гродзенскай дыяцэзіі ласку жаданага здароўя, каб ён мог і далей аддана служыць Касцёлу і людзям.
На працягу многіх гадоў, з 6 кастрычніка 1983 года, айцец езуіт Казімір Жыліс нёс святарскае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі. Каталіцкі Касцёл у Беларусі ўдзячны яму за аднаўленне касцёлаў, вельмі багаты кінаархіў адраджэння Касцёла, шматлікія пакліканні, сярод якіх сённяшні дапаможны біскуп і Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Таксама айцец Жыліс шмат гадоў быў пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры (дэканат Гродна-Захад) і служыў у гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя.
Асоба а. Казімiра Жыліса добра вядомая ў гродзенскай турме, дзе ён шмат гадоў рэалізоўваў словы Хрыста: “Я быў у вязніцы, а вы адведалі Мяне”. Наведваючы гродзенскую турму, ён удзяляў святыя сакрамэнты, праводзіў размовы, а найперш слухаў тых, якія ўчынілі злачынства, але мелі ў сабе прагненне змяніць жыццё.
Апрача гродзенскай турмы, а. Казімір наведваў навагрудскі лячэбна-працоўны прафілакторый і папраўчую калонію ў Ваўкавыску. Ён стаў першым святаром у Беларусі, які распачаў пастырства вязняў, што вельмі важна для іх вяртанння да нармальнага жыцця.
Айцец Казімір Жыліс вядомы і ў літоўскіх колах, бо на працягу многіх гадоў апекаваўся каталіцкай супольнасцю літоўцаў у Гродне, кожную нядзелю цэлебраваў святую Імшу на літоўскай мове, маліўся разам з імі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі