
Св. Імшу ўзначаліў кс. Юзаф Ханьчыц з парафіі св. Сям’і ў Лідзе, а з гаміліяй звярнуўся да вернікаў а. Віталь Цыбульскі, піяр са Шчучына. Ён закрануў пытанне выхавання маладога пакалення і падкрэсліў неабходнасць таго, каб стаць дзіцём у вачах Бога, каб увайсці ў Нябеснае Валадарства (“Калі вы не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Нябеснае Валадарства”). Казнадзей гаварыў пра важную ролю навучання маладога пакалення, засяроджваючы ўвагу на пытанні выхавання, мэтай якога з’яўляецца прывіць кожнаму дзіцяці і мададому чалавеку патрэбу быць грамадзянінам і хрысціянінам. Важнае месца ў гэтым выхаваўчым працэсе – падкрэсліў а. Віталь – займаюць сям’я і школа.
Напрыканцы св. Імшы быў асвечаны сцяг-харугва ў гонар св. Юзафа Каласанта з яго выявай і назвай парафіі. Абраз на харугві такі ж самы, як падчас перэгрынацыі абраза св. Юзафа Каласанта па дамах парафіі падчас падрыхтоўкі да ўрачыстасці асвячэння парафіяльнай святыні ў 2008 г. Гэты абраз будзе прыгадваць парафіянам пра вялікую ўрачыстасць асвячэння парафіяльнай святыні 25.08.2008 г.
Пасля абраду асвячэння адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, а потым – літанія да св. Апекуна і працэсія вакол касцёла, якую ўзначаліў а. Гжэгаж Ксёнжэк, піяр з мясцовасці Чавусы (Мінска-Магілёўская архідыяц.).
Урачыстасць закончылася спевам урачыстага "Te Deum” і цалаваннем рэліквіі св. Юзафа Каласанта.