Skip to main content

Адвэнтавая малітва дзяцей з ваўкавыскай парафіі аб пакліканнях

tablicy 2У адказ на заклік Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі да асаблівай малітвы аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця група дзяцей з парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску далучылася да гэтай вельмі важнай і патрэбнай ініцыятывы.

Дзяцей, якія рыхтуюцца да Першай Камуніі, сястра Наталля з Кангрэгацыі Сясцёр Школьных Нотр-Дам на занятках катэхезы заахвоціла правесці Адвэнт 2020 года менавіта ў гэтай інтэнцыі.

Законніца пастаралася прадставіць на занятках усю сур’ёзнасць сітуацыі, якая можа скласціся, калі не будзе святароў: ніхто не ўдзеліць людзям споведзь і мы будзем жыць у грахах, а потым трапім у пекла; не атрымаем Езуса ў выглядзе хлеба; будзем паміраць без асвячальнай ласкі і хрысціянскага пахавання. Яна распавяла таксама пра касцёлы на Захадзе, якія становяцца пустымі і прадаюцца, і пра знішчэнне хрысціянскіх святыняў у мусульманскіх краінах.

Потым сястра прапанавала дзецям табліцы, у якіх можна было выбраць для сябе пастановы на Адвэнт. Сярод іх былі ўдзел у раратняй Імшы, устрыманне ад салодкага, ад слухання музыкі і свецкіх песень, малітва аб пакліканнях, пазбяганне брыдкіх словаў.

tablicy 1

Перад Божым Нараджэннем сястра Наталля сабрала ў дзяцей табліцы. На вялікае здзіўленне, табліцы прынесла 21 дзіця, і гэта паказала, што яны сапраўды праводзілі Адвэнт у малітве аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця ў нашай краіне, каб Бог паслаў працаўнікоў на сваё жніво і каб у нас ніколі не было адсутнасці тых, хто абвяшчае Евангелле і ўдзяляе сакрамэнты.

У прынесеных дзецьмі табліцах з’явіліся і іншыя пастановы, якія яны прыдумалі самі, напрыклад, пазбяганне хлусні, устрыманне ад мультымедыя, ранішняя і вячэрняя малітва, засціланне ложка…

Сястра прызнаецца, што, праглядаючы гэтыя табліцы, была ўражана стараннямі дзяцей, а таксама і шчырасцю, калі заданне было не выканана.

Няхай жа наш Пан захоча зірнуць на адвэнтавае намаганне дзяцей ваўкавыскай парафіі і адорыць нашу краіну новымі пакліканнямі! 

На 79-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі былo прынята рашэнне распачаць ініцыятыву “Духоўная падтрымка святарскіх і манаскіх пакліканняў у Беларусі”. Гэтая ініцыятыва стартавала 22 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. 

Аднак малітву аб пакліканнях можна распачаць у любы іншы момант. Самае галоўнае – пачаць шчыра маліцца аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.

Кс. Юрый Марціновіч