10 студзеня, у свята Хросту Пана, у парафіі св. Міхала Арханёла ў Міхалішках (Астравецкі дэканат) адбылася вельмі значная падзея.
У апошні дзень перыяду Божага Нараджэння, хаця ў святынях надалей застаюцца святочныя ўпрыгажэнні і дэкарацыі, падчас Імшы пробашч парафіі ксёндз Анатоль Захарэўскі ўрачыста асвяціў алтарык святога Юзафа, які з нагоды Года святога Юзафа распачне перэгрынацыю па сем’ях мясцовых вернікаў.
Перэгрынацыя з’яўляецца для вернікаў своеасаблівым благаслаўленнем у гэты складаны час, a таксама магчымасцю супольнай малітвы ў коле сям’і.
Адметную радасць і магчымасць саўдзелу ў гэтай нядзельнай падзеі атрымалі і жыхары в. Альхоўка, і парафіяне капліцы ў в. Клюшчаны, і парафіяне касцёла ў Жукойнях Жалядскіх.
Варта пажадаць, каб Божае благаслаўленне са шчырымі малітвамі вернікаў увайшло з вялікай радасцю ў кожны дом і напоўніла сэрцы людзей верай, надзеяй і Божай любоўю. Для парафіян гэта будзе асаблівы час дзялення верай як хлебам праз сведчанне надзеі.
Раіса Мароз