Дарагія чытачы, наведвальнікі нашага інтэрнэт-партала Гродзенскай дыяцэзіі!
Завяршаецца чарговы год. Хутка ён адыдзе ў гісторыю. Трэба сказаць, што гэта быў вельмі цяжкі год. А ўсё па прычыне пандэміі каранавірусу, якая цалкам змяніла ўсе нашы планы.
У сувязі з гэтым многія з нашых традыцыйных сустрэч на дыяцэзіяльным узроўні не маглі адбыцца ў тым фармаце, што і заўсёды, збіраючы сотні, а часам і тысячы вернікаў. Гэтых сустрэч, безумоўна, нам вельмі не хапае. Не хапае іх найперш дзецям і нашай моладзі, якая з’яўляецца нашай надзеяй і будучыняй.
У некаторых гэты год забраў блізкага чалавека, які адышоў у вечнасць, прайграўшы барацьбу з вірусам. Наша дыяцэзія таксама страціла некалькі руплівых святароў, якія яшчэ маглі зрабіць столькі дабра для мясцовага Касцёла, для сваіх вернікаў, якім служылі з вялікім самапрысвячэннем і адданасцю.
У Пана Бога, аднак, на ўсё свае планы. Прымем усё гэта з пакорай і верай, а таксама з надзеяй, што, будучы там, яны яшчэ больш будуць нам дапамагаць…
У апошнія хвіліны года, які завяршаецца, не зважаючы на ўсе абставіны нашага жыцця і досведу, нават вельмі цяжкія, станем перад Богам з падзякай у сэрцы. Без усялякіх прэтэнзій і жалю.
Мы, супрацоўнікi сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, хочам найперш дзякаваць Богу за ўсіх вас і за тое дабро, якое мы ўсе маглі супольна чыніць. Хацелі б нагадаць, што маем не толькі права, але і абавязак перадаваць інфармацыю пра Касцёл. Уся гэтая дзейнасць – для таго, каб весці чалавека да Езуса Хрыста. І менавіта гэта мы хацелі і далей хочам рабіць праз нашы дыяцэзіяльныя медыя.
Святы Максімільян Марыя Кольбэ, адзін з апекуноў нашай дыяцэзіі, казаў, што можам будаваць найпрыгажэйшыя святыні, але калі не будзем мець каталіцкіх медыя, то гэтыя святыні застануцца пустымі.
Праца медыя патрабуе сістэматычнасці, і патрэбны заўсёды хтосьці канкрэтны, хто гэтым займаецца. Таму дзякуем усім нашым аўтарам і звычайным вернікам, якія дасылалі нам свае навіны з жыцця парафіяльных супольнасцяў.
З гэтай нагоды хочам усіх вас заахвоціць да далейшага супрацоўніцтва! Будзьце разам з намі ў новым 2021 годзе! Разлічваем на ваш прафесіяналізм і кампетэнтнасць. Супольна прыкладзем старанні, каб нашы дыяцэзіяльныя медыя маглі дасягнуць вышэйшага ўзроўню. Разам мы можам учыніць вельмі шмат.
Дарагія сябры!
У новым годзе дазволім, каб Пан дакранаўся да нашых сэрцаў сваёй міласэрнасцю і перамяняў іх. Няхай ззянне Яго прысутнасці асвятляе нашу штодзённасць. Няхай Яго любоў будзе для нас крыніцай адвагі, сілы і радасці. Будзем супольна несці яе ўсім, асабліва тым, хто патрабуе надзеі і падтрымкі, і станавіцца для свету бачнымі знакамі міласэрнай любові Айца.
Будзем жыць надзеяй, што хутка пройдзе час пандэміі і мы пачнем зноў нармальна жыць і функцыянаваць. Мы ўжо вельмі сумуем па сустрэчах з вамі!
Ад імя супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі
кс. Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі