Увечары 24 снежня вернікі лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) традыцыйна сабраліся ў сваёй святыні, каб разам распачаць святкаванне ўрачыстасці Нараджэння Езуса Хрыста. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй вялікая колькасць людзей далучылася да малітвы праз анлайн-трансляцыю.
Святой Імшы папярэднічала пастаноўка-батлейка, якую падрыхтавалі дзеці разам з сёстрамі назарэтанкамі. Малодшыя парафіяне, пераапранутыя ў анёлаў, пастушкоў і каралёў, у пастаноўцы паказалі, што да Нованароджанага Хрыста могуць прыйсці ўсе – трэба толькі адмовіцца ад сваёй слабасці і стаць на шлях выпраўлення. Маленькія Марыя і Юзаф падзякавалі ўсім, хто прыйшоў прывітаць Збаўцу, і пажадалі, каб у гэтую святую ноч спаўняліся ўсе мары.
Святую Імшу апоўначы ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз канонік Уладзімір Гуляй. Літургія распачалася з урачыстага гімну “Хвала на вышынях Богу”, які прысутныя заспявалі з сэрцамі, поўнымі падзякі і праслаўлення.
У гаміліі да вернікаў звярнуўся пробашч парафіі. Святар разважаў над тым, што Святло, якое калісьці заззяла ў Бэтлееме, сёння ззяе ў сэрцы кожнага з нас. Гэтым Святлом ёсць Езус Хрыстус, які апрамяніў свет, поўны цемры граху.
“Напаўняйце гэтым Святлом, якое сёння нарадзілася, свае сэрцы, нясіце яго ў свет, у свае сем'і, у сваё жыццё, – пажадаў пробашч вернікам. – Бог прыходзіць, каб яшчэ раз сказаць кожнаму з нас: не бойся, Я стаў чалавекам, каб дзяліць з табою твой лёс, каб напоўніць тваё жыццё Божым жыццём і каб радасць твая была поўнай”.
На заканчэнне літургіі ксёндз Уладзімір прачытаў віншаванні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і яшчэ раз ад імя ўсіх святароў парафіі павіншаваў вернікаў са святам Божага Нараджэння.
Яна Чайко
Фота: Артур Станулевіч, Марыя Чарняк