Любыя майму сэрцу браты і сёстры!
Сардэчна вітаю вас у час падзякі Пану Богу за 2020 год і малітвы аб дараванні нам Божым Провідам новага 2021 года.
Як мы ўжо ведаем, Папа Францішак 3 кастрычніка бягучага года ў Асізі падпісаў энцыкліку Fratelli Tutti – Аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве – у якой між іншым прыходзіць да высновы, што “жыццё – гэта не час, які мінае, але час сустрэчы”. І таму, лічыць Пантыфік, “ніхто не можа адчуць каштоўнасць жыцця без рэальных твараў тых, каго ён любіць”. А “Бог не глядзіць вачыма, Бог глядзіць сэрцам”. Таму дзякуем вам, людзі ў белых халатах, за ваш “позірк сэрцам”, за “час сустрэчы”, за ваш “дар самога сябе”, за вашу барацьбу за кожнае жыццё. Мы не бачым вашых твараў, з-за антывірусный маскі цяжка распазнаць, хто нахіляецца нада мной, хто гэты самаранін. За вашу “ўмеласць бачыць сэрцам” мы дзякуем і молімся Богу.
Мае дарагія сябры. Час мінае, а з ім у гісторыю адыходзіць высакосны 2020 год, і толькі час сустрэчы ў братэрстве і сацыяльным сяброўстве з далікатным полымем цеплыні сэрца і позіркам спачування пакінуць свой след у памяці кожнага з нас як пазітыўны багаж, які мы ахвотна забярэм з сабой у новы 2021 год – “новы час сустрэчы”. Якім ён будзе для нас і што запомняць з нашай сустрэчы тыя, якіх даў нам Пан?
Таму за Папам Францішкам хочацца паўтарыць: “Касцёл – гэта дом з адчыненымі дзвярыма, бо ён – маці. І падобна Марыі, Маці Езуса, мы хочам быць Касцёлам, які служыць, які выходзіць з дому, выходзіць са сваіх святыняў, выходзіць са сваіх сакрыстый, каб суправаджаць жыццё, падтрымліваць надзею, быць знакам адзінства, каб будаваць масты, разбураць муры, сеяць насенне прымірэння” (гл. FT 276). Гэтыя і іншыя шляхетныя намаганні, на думку Пантыфіка, маюць права на рэалізацыю, калі сучасныя зразумеюць, што “зямля ёсць пазыкай, якую атрымлівае кожнае пакаленне і павінна перадаць яе наступнаму пакаленню”. Аднак вельмі важна, “каб мы не страцілі здольнасці заўважаць неабходнасць перамены сэрца, звычаяў і ладу жыцця”.
Мае дарагія. Новы 2021 год згодна з воляй Святога Айца Францішка прысвечаны святому Юзафу, апекуну Дзіцяткі Езуса і абранніку Насвяцейшай Панны Марыі. З гэтай нагоды Святы Айцец напісаў Апостальскі ліст Patris corde (“Бацькоўскім сэрцам”), прысвечаны 150-годдзю прызнання святога Юзафа апекуном Каталіцкага Касцёла. У гэтым лісце Пантыфік заахвочвае нас нанава “зразумець сэнс працы, якая надае годнасць”, якая “становіцца ўдзелам у справе збаўлення” і “магчымасцю рэалізацыі” для сябе і сваёй сям’і. Ён заклікае “адкрыць каштоўнасць, важнасць і неабходнасць працы”, каб закласці асновы “новай нармальнасці, дзе нікога не выключаюць, каб з годнасцю і радасцю есці хлеб, які з’яўляецца плёнам працы”. “Ніводзін малады, ніводзін чалавек, ніводная сям’я без працы!” – такі дэвіз прапануе Папа ў 2021 годзе.
Заахвочваю вас, браты і сёстры, сябры, людзі добрай волі, суайчыннікі, да малітвы ля ясляў Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцы, за нашу Айчыну і яе народ на парозе і на працягу новага 2021 года – аб “хвале Богу на вышынях, аб супакоі людзям на зямлі сінявокай Бацькаўшчыны і каб на нашым стале заўсёды быў хлеб і да хлеба”.
Са святам і Новым годам.
Юзаф Станеўскі
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі
Гродна, Божае Нараджэнне 2020 г.