Mоладзь парафіі св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні ўдзельнічала ў анлайн-катэхезе, якую правёў кс. Анджэй Ганчар, што паходзіць з нашай дыяцэзіі і з нядаўняга часу знаходзіцца на місіях у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы ў дыяцэзіі Буар.
Святар распавёў слухачам пра місіянерскую дзейнасць Касцёла, радасці і цяжкасці, звязаныя з абвяшчэннем Евангелля. Таксама ён пазнаёміў іх з нараджэннем місіянерскага паклікання ў яго сэрцы.
Ксёндз Анджэй Ганчар расказаў пра традыцыі, катэхізацыю і ўдзел мясцовых жыхароў у святой Імшы і іншых рэлігійных абрадах. Была магчымасць задаць яму пытанні, звязаныя з місіянерскім служэннем.
На пытанне міністрантаў пра літургічнае служэнне ля алтара ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы святар адказаў, чым яно адрозніваецца і ў чым ідэнтычнае служэнню тут. Моладзі, якая належыць да парафіяльнай школы, ён распавёў, як усхваляюць Бога жывымі і энергічнымі спевамі.
На заканчэнне катэхезы-сустрэчы кс. Анджэй папрасіў усіх аб малітве, каб тыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца місіянеры і мясцовыя вернікі ў найбяднейшай краіне Афрыкі, з адвагай пераадольваліся. Таксама ён заахвоціў маладых людзей маліцца аб тым, каб яны маглі распазнаць у сабе місіянерскае пакліканне.
За місіянерскай дзейнасцю кс. Анджэя моладзь цяпер будзе сачыць праз яго старонку ў Іnstagram.
Кс. Віталій Валюк
Фота: Кацярына Гулінская