10 снежня ў пабрыгіцкім касцёле на малітву за Беларусь сабраліся вернікі Гродна. Святая Імша адбылася ў інтэнцыі нашай краіны, вырашэння грамадска-палітычнага крызісу і вяртання на радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якому было адмоўлена ў вяртанні.
Эўхарыстыю ўзначаліў кс. канонік Антоні Грэмза. У гаміліі святар разважаў над сумленнем чалавека: “Голас сумлення пераможа страх, і чым больш людзей будзе жыць па запаведзях Божых, тым больш будзе праўды”.
“Бог усё бачыць! Нашая справа толькі верыць, шчыра маліцца і мець моцную хрыціянскую надзею. Трэба мець давер да Хрыста”, – дадаў кс. Антоні.
Падчас малітвы вернікаў сабраныя асаблівым чынам прасілі Пана аб суцяшэнні і справядлівасці для пацярпелых падчас пратэстаў, маліліся за ўсіх пераследаваных, аб перамозе дабра над злом і аб хуткім вяртанні арцыбіскупа Кандрусевіча на Радзіму.
На заканчэнне Імшы адбылося набажэнства перапрашэння і акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі перад абліччам пандэміі каранавірусу і складанай грамадска-палітычнай сітуацыі. Прысутныя прасілі ў Пана прабачэння за гістарычныя правіны: за знявагу святыняў, духоўных асобаў, за грахі вернікаў і ўсялякае зло нашага народа.
Вольга Сяліцкая