Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас””
Гродзенскай дыяцэзіі традыцыйна перад святамі Божага Нараджэння распачало штогадовую дабрачынную акцыю “Калядная свечка”.
Сабраныя сродкі будуць накіраваны на дапамогу дзецям, якія знаходзяцца ў патрэбе: сіротам, паўсіротам, дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, дзецям і моладзі з інваліднасцю.
Штогод дзякуючы служэнню “Карытас” сотні дзяцей маюць магчымасць прабываць у летніх аздараўленчых лагерах, наведваць пазнавальныя экскурсіі, удзельнічаць у працы навучальных груп, творчых гурткоў у дзіцячых сацыяльных лагерах, у спецыяльных святах, атрымліваць адрасную дапамогу.
З пачаткам Адвэнту такія свечкі распаўсюджваюцца ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі. Далучыцца да акцыі могуць усе вернікі і людзі добрай волі.
Свечкі належыць запаліць у вігілійны вечар, каб такім сімвалічным чынам у гэты асаблівы час атачыць малітвамі і памяццю тых, хто патрабуе ўвагі і дапамогі.
Вігілійная свечка “Карытас” нагадвае пра праўдзівае святло нашага жыцця. Яна не служыцьтолькі стварэнню пэўнага настрою, не дадае толькі прыгажосць накрытаму сталу. Яна паказвае Езуса Хрыста, Эмануэля – Бога з намі, якіз’яўляецца дарам любячага Айца для чалавецтва.
Дабрачынная акцыя “Калядная свечка” праходзіць у Беларусі ўжо многія гады.
З кожным годам да акцыі далучаецца ўсё больш людзей, а значыць, усё большай колькасці дзяцей удаецца дапамагчы.
“Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі заахвочвае ўсіх вернікаў згодна са звычаем мінулых гадоў далучыцца да гэтай прыгожай справы, каб шмат бедных і патрабуючых людзей магло спазнаць хаця б крыху дабрыні і адчуць атмасферу святаў Нараджэння Пана і Новага года.
Няхай святло гэтай свечкі злучае нас усіх у чыненні дабра. Езус прыйшоў да нас як малое безабароннае дзіця і даў нам шанс сустрэць Бога ў іншым чалавеку, асабліва малым і патрабуючым падтрымкі!
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі