29 лістападa, у першую нядзелю Адвэнту, у парафіі св. Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат) адбыўся абрад асвячэння адвэнтавых вянкоў. У гэты дзень вянкі былі асвячаны таксама ў капліцы св. Юрыя ў Вароне.
Дзеці самі зрабілі вянкі і прынеслі на Імшу для асвячэння. Яны выканалі іх з хваёвых галінак, змясціўшы на іх чатыры свечкі, якія нагадваюць пра чатыры адвэнтавыя нядзелі. Свечкі па чарзе будуць запальваць падчас супольнай малітвы ці пасілкаў у іх дамах.
Адвэнтавы вянок сімвалізуе еднасць сям’і, якая духоўна рыхтуецца да перажывання святаў Божага Нараджэння. Змешчаныя на ім свечкі – сімвал святла, падараванага свету праз нараджэнне Езуса. Круглая форма вянка сімвалізуе зямны шар, вечнасць і Бога.
Пробашч кс. Віктар Захарэўскі пажадаў дзецям і ўсім сваім парафіянам, каб перыяд Адвэнту быў для кожнай сям’і благаслаўлёным часам, багатым на Божыя ласкі.
Kс. Юрый Марціновіч