15 лістапада ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе быў уведзены ў пасаду новы пробашч кс. Руслан Мазан. Новага пробашча ўвёў у пасаду дэкан Лідскага дэканату кс. Андрэй Роўба CRL.
Ксёндз Руслан Мазан добра вядомы гэтай парафіі, бо пяць гадоў быў у ёй рэзідэнтам і вікарыем.
Новага пробашча ад імя касцёльнага камітэту і ўсёй парафіі прывітаў прэзэс.
У прысутнасці шматлікіх вернікаў парафіі дэкан зачытаў дэкрэт біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча на дзвюх мовах аб прызначэнні новага пробашча. Затым кс. Руслан Мазан прынёс перад дэканам абяцанні, што будзе як мага лепш служыць парафіяльнай супольнасці Святой Сям’і, а праз гэта і ўсяму Касцёлу на Гродзеншчыне. Пасля кс. Андрэй Роўба ўручыў яму ключы ад парафіяльнай святыні.
Новапрызначаны пробашч узначаліў святую Імшу і прамовіў гамілію. Падчас Эўхарыстыі ён урачыста вызнаў веру.
Напрыканцы Імшы новы пробашч звярнуўся да вернікаў з падзякай за прывітанне і цёплае прыняцце ў парафіяльную супольнасць. Ён узгадаў вялікія намаганні свайго спачылага папярэдніка кс. каноніка Юзафа Ганьчыца ў будаванні парафіяльнай сям’і і заахвоціў працягваць гэтую сумесную працу, “каб адпавядаць тытулу парафіі і быць сапраўднай парафіяльнай сям’ёй”.
Aндрэй Юхнік