
13 ліпеня 2011 г. мы адзначалі своеасаблівую 5-ю гадавіну гэтага трагічнага здарэння. Як бачым, час ляціць незаўважальна.
- Якія працы, звязаныя з аднаўленнем алтара, былі праведзены пасля гэтых трагічных падзей?
Адразу ж пасля пажару адбыліся паседжанні Камісій пры Міністэрстве культуры Беларусі і Міністэрстве культуры Польшчы. Польскі бок узяў на сябе правядзенне прац па адбудове і рэстаўрацыі алтара. Уся праца была праведзена ў некалькі этапаў. Першым этапам стала даследаванне ўцалелай часткі алтара, другім – адбудова спаленай канструкцыі разам са скульптурамі (былі знішчаны адна чацвёртая частка алтара і 4 скульптуры), трэцім этапам было фарбаванне і залачэнне. Безумоўна, падчас працы ўзнікалі розныя праблемы і складанасці, часам даводзілася і патарапіць, і пачакаць, але дзякуючы Богу і людзям добрай волі за 5 гадоў мы змаглі скончыць гэтыя тры этапы.
- Чым адноўлены алтар будзе адрознівацца ад таго, які быў да пажару?
Безумоўна, адрозненні будуць. Алтар будзе выглядаць інакш, стане больш жывы, таму што ён прыняў першапачатковы выгляд з пачатку XVIII ст. Калі 31 ліпеня 1736 г. падпісвалася ўмова паміж айцамі езуітамі і Ёханам Шмідтам, было адзначана, што пры будаўніцтве алтара яго неабходна падрыхтаваць да пазалоты. На жаль, гэтая ідэя не была рэалізавана. Толькі праз тры стагоддзі нам удалося зрабіць гэта.
- Хто здзейсніць урачыстае адкрыццё алтара? Як будуць выглядаць гэтыя ўрачыстасці?
Урачыстае адкрыццё адбудзецца 5 жніўня ў 12.00 у прысутнасці біскупаў Беларусі, прадстаўнікоў Міністэрстваў культуры Беларусі і Польшчы, а таксама вялікай колькасці гасцей з Гродна і з-за мяжы. У 11.30 запланавана кароткая прэзентацыя гісторыі алтара да пажару і пасля яго, а таксама ходу рэстаўрацыйных прац. Затым адбудзецца прывітанне гасцей. Пунктуальна а 12-й з сакрыстыі да алтара вырушыць працэсія, святары займуць прызначаныя ім месцы, а біскупы застануцца перад алтаром. Пасля прывітання вернікаў біскуп, які будзе ўзначальваць урачыстасць, асвяціць алтар.
- Ці ў гэтым годзе да начнога чування далучацца ўсе жыхары Гродна?
У гэтым годзе, як і заўсёды, на ўсяночнае чуванне перад алтаром Маці Божай Кангрэгацкай былі запрошаны ўсе парафіяне Гродна. Чуванне пачнецца вечарам 4 жніўня а 19-й і працягнецца да ўрачыстага адкрыцця алтара. Кожная парафія мае вызначаную гадзіну правядзення адарацыі, таму што Маці Божая Кангрэгацкая з’яўляецца Заступніцай нашага горада. Таму сардэчна запрашаем усіх да супольнай падзякі Богу праз заступніцтва Яго Маці ў Кангрэгацкім абразе.