12 лістапада ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат) адбылося пахаванне кс. Леаніда Мозгеля, які паходзіў з гэтай парафіі, і яго маці Станіславы.
Ксёндз Леанід, які ў апошні час больш за год быў пробашчам парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне ў Віцебскай дыяцэзіі, адышоў у вечнасць 9 лістапада, днём раней памерла яго маці Станіслава Мозгель.
Усё сваё святарскае жыццё ён служыў на Віцебшчыне: у Ветрыне, Фарынаве, Блізніцы, Бягомлі, Павяцці і Ідолце.
Пахавальную Імшу ў інтэнцыі спачылага святара і яго мамы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, яе канцэлебравалі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і святары.
На малітве сабраліся вернікі мясцовай парафіі, якія ведалі кс. Леаніда і яго маці. Парафія ў Старых Васілішках у гэтым годзе развіталася ўжо з чарговым святаром. Вясной памёр кс. Павел Барысевіч, адміністратар парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваельні (Дзятлаўскі дэканат).
Пасля Імшы цела спачылага кс. Леаніда было пакладзена ў грабніцу пры ўваходзе ў святыню, каля кс. Паўла Барысевіча, а яго мама была пахавана на мясцовых могілках.
Ксёндз Леанід Мозгель нарадзіўся 26 снежня 1968 года ў в. Карэвічы (Гродзенская дыяцэзія). Быў ахрышчаны 27 студзеня 1969 г. у Васілішках. У 2001 г. скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.
12 лістапада 2002 г. у Мёрах прыняў дыяканскае пасвячэнне, 1 мая 2003 г. у Віцебску – прэзбітэрскае, якое ўдзяліў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. У памяці вернікаў і духавенства Віцебскай дыяцэзіі застаўся як пабожны, сумленны і добры святар.
Кс. Юрый Марціновіч