У парафіі святога Яна Паўла ІІ у Смаргоні адбыўся “Баль усіх святых”. Сёлета з прычыны цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыі ўжо традыцыйная сустрэча дзяцей, якая арганізуецца кожны год, прайшла ў незвычайным фармаце.
Тым, хто хацеў удзельнічаць у сёлетняй акцыі, было прапанавана даслаць у парафіяльную групу ў сацыяльнай сетцы Вк або перадаць відэа ці фотаздымак у вобразе якога-небудзь святога з кароткім каментарыем або апісаннем яго зямнога жыцця i шляху да святасці.
Потым, 8 лістапада, усе ўдзельнікі ў вобразах выбраных святых сабраліся ў парафіяльным касцёле на Эўхарыстыі. Пасля яны атрымалі памятныя падарункі, якія, напэўна, заахвоцяць наймалодшых парафіян удзельнічаць у падобных мерапрыемствах і ў будучыні.
Найважнейшым жа з’яўляецца тое, што “Баль усіх святых” нагадаў удзельнікам, іх бацькам і ўсім вернікам мясцовай парафіі, што кожны чалавек пакліканы да святасці і што святасць – не прывілей нямногіх, а звычайны абавязак кожнага.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: архіў парафіі