На заканчэнне актавы ўрачыстасці Усіх Святых дзеці з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі (Астравецкі дэканат) выступілі са спектаклем на тэму святасці.
Маленькія вернікі парафіі, якія прадстаўлялі асобных святых – Яна Паўла ІІ, Агату, Вераніку, Марту і іншых – і былі апрануты ў адпаведныя касцюмы, паказалі іх шлях жыцця і тое, што святасць сёння магчымая.
Дзеці паказалі таксама, што святыя – гэта людзі, адкрытыя на Божую ласку і на Яго міласэрнасць.
Яны заахвоцілі ўсіх прысутных у гістарычнай святыні адкрыць свае сэрцы на Бога, якога трэба выбіраць заўсёды зноў і зноў. Маленькія артысты падкрэслілі, што ніколі не трэба адчайвацца, бо кожны чалавек мае моц Духа Святога для таго, каб святасць была магчымай.
Папа Францішак у апостальскай адгартацыі аб пакліканні да святасці ў сучасным свеце Gaudete et exsultate пісаў: “Не бойся імкнуцца вышэй, даць Богу любіць цябе і вызваліць. Не бойся дазволіць Духу Святому весці цябе. Святасць не робіць цябе менш чалавечым, бо з’яўляецца сустрэчай тваёй слабасці з сілай ласкі”.
Няхай гэтае цудоўнае прадстаўленне дзяцей стане для кожнага сапраўдным заахвочваннем дазволіць весці сябе Духу Святому, які кожнага чалавека асвячае, прасвятляе, умацоўвае і суцяшае.
Кс. Юрый Марціновіч