6-8 лістапада пры дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбыліся рэкалекцыі для дзяўчат. У іх удзельнічалі дзяўчаты з парафій Божай Міласэрнасці ў Гродне i Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат).
Тэмай дзён малітвы была святасць. Плённаму перажыванню гэтага часу садзейнічала канферэнцыя ксяндза Віталія Венцкевіча SCJ пра дарогу жыцця святых. Ён акцэнтаваў увагу ўдзельніц на тым, што кожны з’яўляецца святым, калі блізкі да Бога.
Праз медытацыю над Божым словам удзельніцы засяроджваліся над фрагментам Евангелля паводле Мацвея 5, 1-9. Думкі ў дзяўчат былі рознымі. Вось адна з іх: “Святасць дасягаецца звычайнай дарогай, праз звычайных людзей, у звычайных жыццёвых сітуацыях: любоў, прабачэнне, падтрымка – усё гэта пэўныя інструменты святасці”.
Цэнтрам сустрэчы былі святая Імша і адарацыя ў санктуарыі, згодна са словамі нядаўна ўзнесенага да хвалы алтара благаслаўлёнага Карло Акуціса, што Эўхарыстыя – гэта аўтастрада да неба.
У актаве ўсіх памерлых удзельніцы рэкалекцый наведалі мясцовыя могілкі, а заканчэннем дня была супольная інтэграцыя.
JM