9 кастрычніка ў смаргонскім касцёле святога Міхала Арханёла цэлебравалася жалобная святая Імша за душу спачылага першага пробашча адроджанай парафіі кс. Генрыха Куляшэвіча SDB.
Як паведамляе sdb.by, у касцёле сабраліся шматлікія святары, сёстры законныя і ўдзячныя парафіяне, каб маліцца за душу памерлага, паколькі не маглі прыняць непасрэдны ўдзел у пахаванні, якое адбылося ў парафіі Маці Божай Міласэрнасці ў Сувалках (Польшча).
Цэлебрацыю жалобнай Эўхарыстыі ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
У прамоўленай гаміліі іерарх прысвяціў свайму спачыламу духоўнаму айцу шмат цёплых слоў. Біскуп распавёў, як адбылася яго першая сустрэча з кс. Генрыхам, як распачыналася праца з моладдзю ў Смаргоні, падкрэсліў, што гэты святар прыклаў вялікія намаганні для адраджэння малітоўнага жыцця ў Смаргоні.
Словы спачування ад імя ўсёй салезіянскай сям’і на Беларусі выказаў кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Ён выказаў надзею, што заснавальнік салезіянскага таварыства кс. Боско прывядзе душу спачылага да трона Нябеснага Айца.
Таксама словы спачування прамовіў кс. Здзіслаў Вэдэр SDB, які ў свой час супрацоўнічаў з кс. Генрыхам Куляшэвічам у справе адраджэння парафіі ў Смаргоні. Былі зачытаны словы ад імя с. Габрыэлы Родэ FMA, якая разам з усімі сёстрамі салезіянкамі смуткуе з прычыны смерці кс. Генрыха, які без рэшты прысвяціў жыццё служэнню маладым і дарослым, усім, каго Бог ставіў на яго шляху.
На заканчэнне супольнай малітвы біскуп Аляксандр Яшэўскі запэўніў прысутных у тым, што кс. Генрых, які пры жыцці быў для многіх духоўным айцом, пасля смерці стаў нябесным заступнікам для ўсіх, каму будзе патрэбна яго дапамога.