18 верасня, калі адзначаецца Сусветны дзень памяці загінулых матацыклістаў, у Ашмянах байкеры сабраліся на супольную малітву.
Як паведамляе catholic.by, у ёй узялі ўдзел мотааматары з Ашмянаў, Смаргоні і Астраўца. Святую Імшу ў інтэнцыі загінулых байкераў у ашмянскім касцёле святога Арханёла Міхала цэлебраваў ксёндз Павел Беразун, пробашч аднайменнай парафіі ў Багданаве (Валожынскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Святар, які таксама з’яўляецца мотааматарам, прапанаваў разам памаліцца за сабратоў, што страцілі жыццё на дарозе, каб годна па-хрысціянску ўшанаваць іх памяць.
Пасля святой Імшы яе ўдзельнікі на матацыклах наведалі месцы, дзе адбыліся трагедыі, у якіх загінулі матацыклісты, і запалілі на іх знічы. Затым яны скіраваліся на могілкі, дзе памаліліся за загінулых.
З кожным годам на дарогах расце колькасць матацыклістаў. На гэтым транспарце ездзяць людзі рознага ўзросту, незалежна ад веравызнання. На жаль, расце і колькасць ахвяраў ДТЗ з удзелам байкераў, большасць з якіх — маладыя людзі да 40 гадоў. Гэта стала прычынай з’яўлення Дня памяці загінулых матацыклістаў, які адзначаецца ў розных краінах з 2008 года.