Skip to main content

Новы санктуарый у дыяцэзіі

24 ліпеня парафія ў Росі (дэканат Ваўкавыск) адзначала сваё 400-годдзе. У гэты дзень у святыні Святой Тройцы сабралася шмат вернікаў з розных мясцовасцей нашай дыяцэзіі. Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў пастыр дыяцэзіі кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Разам з ім маліўся кс. бп Ян Сабіло з харкаўска-запарожскай дыяцэзіі. На пачатку св. Імшы ксёндз біскуп Ян асвяціў алтар, а потым кс. Ян Кучыньскі, біскупскі вікарый гродзенскай акругі, зачытаў дэкрэт Яго Эксцэленцыі ксяндза біскупа Аляксандра, якім ардынарый устанавіў парафію Святой Тройцы ў Росі санктуарыем Езуса Журботнага.
         Пра задачы чалавека і вялікае значэнне санктуарыя ў дыяцэзіі гаварыў у гаміліі кс. бп Ян. Святар прыгадаў прысутным пра самую важную задачу зямной пілігрымкі чалавека: “любіць Бога, верыць у Бога і праслаўляць Бога”. Ксёндз біскуп падкрэсліў, што знаходзіцца пад уражаннем сведчання веры беларускіх людзей. “Гэта менавіта моцная малітва простых людзей так многа зрабіла на гэтай зямлі”, - адзначыў іерарх. Ксёндз біскуп заахвоціў вернікаў да мужнага сведчання веры. Напрыканцы Эўхарыстыі можна было пачуць шмат цёплых і добрых слоў у адрас пробашча парафіі ў Росі кс. Чэслава Паўлюкевіча, які разам са сваімі парафіянамі многа зрабіў для духоўных перамен вернікаў і паляпшэння матэрыяльнай сітуацыі сваёй парафіі.