Skip to main content

Адозва аб смерці Яго Эмінэнцыі Ксяндза Кардынала Казіміра Свёнтэка і развітальных набажэнствах

swiatek21 ліпеня а 9-й раніцы, пасля доўгай хваробы, у шпіталі ў Пінску адышоў да Пана па вечную ўзнагароду ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк.
Мы ўдзячны Богу за тое, што ў асобе в.п. кардынала Казіміра даў Касцёлу ў Беларусі адданага пастыра. Яго шматгадовая пастырская паслуга сярод вернікаў у Пінску і ў Беларусі адзначалася шматлікімі пераследамі, а пасля дзевяностых гадоў была ўзнагароджана радасцю духоўнага адраджэння нашага Касцёла.
Напрыканцы зямнога жыцця в.п. кс. кардыналу Казіміру было дадзена дасведчыць асабліва моцных пакут. Мы верым, што яны прынясуць плён вечнай узнагароды ў Бога і паспрыяюць памнажэнню веры ў Касцёле ў Беларусі.
Запрашаю ўсіх на супольную малітву ў касцёлах нашай дыяцэзіі ў інтэнцыі в.п. кардынала Казіміра Свёнтэка. Галоўнае набажэнства развітання вернікаў са сваім Пастырам распачнецца ў суботу 23 ліпеня ў мінскай архікатэдры ў 13.00.
Пахавальная св. Імша будзе адпраўлена ў пінскай катэдры ў панядзелак 25 ліпеня ў 12.00. Пасля апошняга развітання цела в.п. Кардынала спачне ў склепе катэдры ў Пінску. Давайце, паводле магчымасці, прымем удзел у гэтых набажэнствах.
Няхай наша малітоўная памяць аблегчыць смутак развітання і паглыбіць веру ў вечнае жыццё, а памерламу кс. кардыналу Казіміру Свёнтэку выклапоча радасць блажэнных.
Злучаюся з Вамі ў малітве і з усяго сэрца б л а с л а ў л я ю

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі