Skip to main content

I зноў ажыў санктуарый у Тракелях

trokieli2020 112 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася штогадовая адпустовая ўрачыстасць Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. У парафіяльную ўрачыстасць да маленькай драўлянай святыні прыбылі пілігрымы.

 

Нягледзячы на пандэмію, пілігрымаў было вельмі шмат. Менавіта ў гэты дзень з даўніх часоў у Тракелі прыбываюць вернікі з блізкіх і далёкіх ваколіц, каб перад цудадзейным абразом прадстаўляць Пану свае просьбы і дзякаваць Яму за незлічоныя ласкі, атрыманыя праз заступніцтва Марыі.

Праўда, у гэтым годзе не было арганізаваных пешых груп, гасцей з усіх куткоў нашай дыяцэзіі, з іншых месцаў Беларусі і замежжа. Урачыстасць была сціплай, але з іншага боку вельмі прыгожай. Панаваў сапраўды малітоўны настрой.

Вернікі ў гэты дзень прыбывалі ў Тракелі ў індывідуальным парадку – часта цэлымі сем’ямі, несучы на руках дзяцей. Некаторыя з бліжэйшага наваколля прыйшлі ў індывідуальнай пешай пілігрымцы, каб пераадолець хаця б невялікі шлях, але, як адзначылі самі, “галоўнае – інтэнцыя і вялікае жаданне быць побач з Маці”.

Санктуарый у Тракелях і яго тэрыторыя сёлета вельмі змяніліся, іх проста не пазнаць. Зроблены прыгожыя дарожкі, дзе можна хадзіць і захапляцца хараством кветак і навакольнай прыроды. На дарожках усталяваны лавачкі, дзе можна адпачыць і паразважаць над сваім жыццём. Усё гэта сапраўды прыцягвае пілігрымаў, і, як самі яны часта паўтаралі, “адсюль не хочацца нават ад’язджаць”.

trokieli2020 17

У тым, што санктуарый набыў сёлета новыя колеры, вялікая заслуга сённяшняга пробашча кс. доктара Юрыя Бяганскага, які старанна працуе, каб тут было прыгожа і ўтульна. У святара тысячы планаў, частку з іх ужо ўдалося рэалізаваць. Але ён не спыняецца ні на хвіліну. Святар хоча, каб гэтае месца стала духоўным санаторыем, дзе чалавек зможа сустрэцца з Богам і Яго Маці, спазнаць цішыню і супакой, а найперш – узмацніцца тут духам і ўмацаваць сваю веру.

Сёлетнія пілігрымы не губляюць надзеі, што час эпідэміі хутка пройдзе і яшчэ ў гэтым годзе, нават у канцы лета, у санктуарыі адбудзецца дыяцэзіяльная ўрачыстасць, якая зможа сабраць на малітве яшчэ больш вернікаў.

Няхай наш санктуарый стане месцам надзеі, каб тут кожны мог адчуць сябе патрэбным і любімым, бо ў доме нябеснай Маці кожны важны.

Кс. Юрый Марціновіч