2 ліпеня цэнтральную адпустовую Імшу ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Прысутнічалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і святары, якія прыбылі ў санктуарый разам са сваімі парафіянамі.
Святая Імша адбылася на палявым алтары, вакол якога сабраліся вернікі – мясцовыя і з навакольных парафій. Яны прыбылі ў гэты дзень у Тракелі ў індывідуальным парадку.
У гаміліі біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што цяжка стрымаць узрушанасць у гэтым асаблівым месцы перад славутым ласкамі абразом Марыі, асвячаным малітвамі незлічоных пакаленняў Яе шанавальнікаў.
Іерарх падкрэсліў, што з даўніх часоў ва ўрачыстасць Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелі прыбывалі вернікі з блізкіх і далёкіх ваколіц, каб перад Яе абразом прадставіць Богу свае просьбы, а таксама дзякаваць за незлічоныя ласкі, атрыманыя праз Яе заступніцтва.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што гэтая ўрачыстасць паказвае нам Маці Божую, якая самым дасканалым чынам злучае ў сабе два вымярэнні сапраўднай хрысціянскай радасці.
Па-першае, мы бачым, як глыбока ўсведамляе Марыя вялікую ласку, атрыманую ад Бога.
“Мы можам дапускаць, што Яна не да канца разумела, што азначалі словы арханёла Габрыэля, якія пачула ў хвіліны звеставання. Можа, не ўсведамляла, на чым засноўвалася асаблівае пасланніцтва, якое вызначыў Ёй Бог. Але ў сваёй вялікай пакоры адчувае сябе шчаслівай, благаслаўлёнай: даверылася Пану, сказала Яму “так” і ведае, што не будзе расчараваная”, - дадаў іерарх.
Як падкрэсліў біскуп, Марыя ведае, што нічым не заслужыла Божага абранніцтва, таму ў сваёй песні праслаўлення засяроджваецца не на сабе, а на Богу, які аб’яўляе сваю веліч у душах пакорных і простых.
Біскуп адзначыў, што другім вымярэннем хрысціянскай радасці з’яўляецца ўменне дзяліцца ёю з бліжнімі.
“Марыя, калі даведалася з вуснаў арханёла, што Яе сваячка Альжбета чакае дзіця, не вагаючыся, хутка накіроўваецца да яе ў адведзіны. Марыя прыносіць з сабой радасць. Крыніца гэтай радасці – найперш Дзіцятка Езус, якога Марыя нясе пад сваім сэрцам”, – сказаў іерарх.
"Ва ўрачыстасць Адведзінаў біскуп заахвоціў усіх паглядзець на Марыю, якая, уваходзячы ў дом Альжбеты, прыносіць ёй – пакуль укрытага – Сына Божага, Езуса Хрыста. “Гэтая сцэна нагадвае нам пра праўду пра тое, што найбольшае жаданне Марыі – прыйсці да кожнага з нас, увайсці ў наш “дом”, ці ў рэчаіснасць нашага жыцця, і ўчыніць, каб у нашых сэрцах пасялілася найвялікшае шчасце, якое нараджаецца заўсёды, калі сустракаемся з Хрыстом”, – адзначыў ён.
Іерарх падкрэсліў, што сёлетнія адпустовыя ўрачыстасці ў Тракелях мы перажываем у незвычайных абставінах, у цяжкіх умовах эпідэміі, якая напаўняе смуткам і страхам сэрцы людзей ва ўсім свеце.
“Няма сёння тут, у Тракелях, тысячы пілігрымаў, якія штогод прыбывалі на сустрэчу з Маці Божай з розных бакоў нашай дыяцэзіі. Няма гасцей з іншых дыяцэзій і замежжа. Няма шматлікіх святароў, сясцёр законных, радаснай моладзі, якая спявае. У гэтым годзе наш санктуарый здаецца сумным і апусцелым. Аднак я хацеў бы, каб кожнага з нас, тут прысутных, а таксама ўсіх тых, хто яднаецца з намі духоўна праз тэлебачанне ці інтэрнэт, дасягнула сёння з гэтага святога месца пасланне надзеі”, – сказаў біскуп.
На заканчэнне Эўхарыстыі кусташ санктуарыя кс. доктар Юрый Бяганскі выказаў удзячнасць усім, хто ў гэты дзень наведаў святое месца. Святар заклікаў прыбываць у гэтае асаблівае месца на мапе Гродзенскай вобласці шматлікімі пілігрымкамі, цэлымі сем’ямі, бо толькі ў малітве наша сіла і дзякуючы веры мы зможам вынесці ўсе цяжкасці і нават эпідэмію.
Кс. Юрый Марціновіч