Skip to main content

Iндывідуальная пілігрымка на роварах са сталічнай парафіі прыбыла ў санктуарый у Тракелях

minsk trok 13Нягледзячы на тое, што арганізаваныя пілігрымкі ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) сёлета былі перанесены на нявызначаны пакуль час, 2 ліпеня на парафіяльную ўрачыстасць пешкі і на роварах прыбыло шмат пілігрымаў.

Усе яны прыбылі ў “самаарганізаваных” групах. Сярод іх у санктуарый прыбыла пасля двух дзён дарогі індывідуальная пілігрымка на роварах з мінскай парафіі cв. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Mарыі Кольбэ.

На чале пілігрымкі стаў пробашч гэтай парафіяльнай супольнасці, які паходзіць з тэрыторыі нашай Гродзенскай дыяцэзіі, з Іўя, – кс. Алег Шпець SChr.

У склад гэтай групы ўвайшлі таксама кс. Уладзімір Марушэўскі SChr, які паходзіць з Геранёнаў і служыць у сталічнай парафіі вікарыем, і катэхетка сястра Агнешка Рамашка CSFN, якая паходзіць з Ліды.

У пілігрымцы ўдзельнічаў, акрамя таго, семінарыст Аляксандр Шыманскі, які паходзіць з парафіі cв. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Марыі Кольбэ ў Мінску, і некалькі хлопцаў і дзяўчат.

minsk trok 7

У тракельскім санктуарыі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі падзякавалі пілігрымам за прыезд і шчырую малітву. Яны выказалі ўдзячнасць таксама душпастырам, якія прычыніліся да арганізацыі гэтай маленькай групы. Іерархі ўдзялілі ім пастырскае благаслаўленне і развіталіся з імі словамі: “Да новых сустрэч”.

Кс. Юрый Марціновіч