Skip to main content

Пілігрымка на роварах з Іўя прыбыла ў Тракелі

iwjewelo 262 ліпеня на мясцовы фэст у санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) прыбыла пілігрымка на роварах з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.

33 вернікі прыехалі разам са сваімі душпастырамі пробашчам кс. Янам Гавецкім і вікарыем кс. Артурам Вальчкевічам.

Маршрут да Маці Божай складаў каля 30 кіламетраў. Пілігрымка пачалася а 9-й гадзіне каля касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла, прыпынкі былі зробленыя ў Красоўшчыне і Ліпнішках. Гэта было 30 кіламетраў малітвы, радасці і любові.

Іўеўчане прыехалі ў Тракелі перад Імшой а 13-й гадзіне. Сустракаў іх Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі разам з кусташам санктуарыя кс. доктарам Юрыем Бяганскім.

Самымі маленькімі ўдзельнікамі сталі Лізавета і Крысціна Кузменкі. Дзве сястрычкі ва ўзросте 3 і 5 гадоў ехалі са сваёй мамай у машыне, якая суправаджала пілігрымку.

iwjewelo 19

Вернікі з Іўеўскага дэканату пілігрымуюць у Тракелі не першы год. Першая пілігрымка з Іўеўшчыны прыйшла сюды 23 гады таму і з таго моманту не перапынялася.

Амаль штогод яна праходзіла праз усе парафіі дэканату. Сёлета дэканальнае пілігрымаванне адбудзецца на роварах 10 і 11 ліпеня па маршруце пешай пілігрымкі.

Раман Ярмош

Фота: Святлана Гушча і Аксана Кузменка