Пачатак сённяшняй Супольнасці дало Таварыства Найсвяцейшай Панны Марыі Пераможнай "Marianum", якое заснаваў Тадэвуш Бірэцкі (1894-1966). Статут, які апрацаваў кс. Юзаф Грасевіч, у 1937 г. зацвердзіў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыхоўскі. Таварыства "Marianum" – гэта набожны рэлігійны саюз; ён аб’ядноўвае святароў, мужчын і жанчын, якія з запалам і адданасцю першых хрысціян прысвячаюць сябе апостальству ў служэнні Божаму Валадарству на зямлі. Таварыства "Marianum" падзяляецца на два адгалінаванні: мужчынскае і жаночае.
Працуючы спачатку ў Крамяніцы, а потым у Каменцы, кс. Юзаф Грасевіч сустракае на сваім святарскім шляху манаскіх сясцёр. Пачынаецца патаемная разбудова Супольнасці. У першую чаргу да новых умоў прыстасоўваецца Статут. Назва Таварыства была зменена на “Інстытут Маці Міласэрнасці”. У Статуце адзначаецца: “Мэтай Інстытуту Маці Міласэрнасці з’яўляецца апостальская дзейнасць для рэлігійнага аднаўлення грамадства, паводле закліку папы Піуса X “Усё аднавіць у Хрысце” (арт. 9).
У 1986 г., пасля смерці Тэрэзы Юндо, генеральнай старэйшай сястры, яе пасаду займае с. Цэцылія Абухоўская. Сёстры шлюбуюць чысціню, беднасць і паслухмянасць. Сядзібай Супольнасці з’яўляецца Каменка. Апрача яе, дамы сясцёр знаходзяцца таксама ў Гродне і Жалудку.
19 ліпеня сёстры перажываюць свой дзень засяроджвання, які распачынае капітул. Задача генеральнага капітула – выбар новай генеральнай сястры і абмеркаванне важных спраў ордэна. Капітул будзе доўжыцца да 21 ліпеня. 20 ліпеня ўрачыстую св. Імшу ў ордэнскім доме адправіць кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Памолімся ў інтэнцыі ордэнскіх сясцёр.