Вялікая Яго Любоў
Траса пілігрымкі: Гродна – Квасоўка – Вялікія Эйсманты – Рэпля – Рось.
Перыяд канікул з’яўляецца прыгожым часам адпачынку пасля года інтэнсіўнай працы і навучання. Цяпер да нас, сваіх вучняў, Езус звяртаецца так: “Адпачніце крыху… (Мц 6, 31), набярыце духа і падымайце галовы…” (Лк 21, 28). Такім духоўным адпачынкам, без сумнення, з’яўляюцца таксама пешыя пілігрымкі.
У гэтым годзе мы хацелі б запрасіць усіх прыняць удзел у пілігрымцы, якую будзе суправаджаць дэвіз “Вялікая Яго Любоў”.
Падчас сёлетняга паломніцтва мы будзем спяваць Богу, Адзінаму ў Тройцы, радаснае “Te Deum” за дар новага Заступніка, якога мы атрымалі ў асобе блаславёнага Яна Паўла II, за Гродзенскую дыяцэзію, якая ў гэтым годзе адзначае 20-ю гадавіну паўстання, а таксама за 20 год паслугі кс. біскупа Аляксандра, нашага пастыра.
X юбілейная пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі адбудзецца з 5 па 8 жніўня 2011 г. і традыцыйна вырушыць з гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ (Гродна – Паўднёвы, вул. Цэнтральная, 26).
Пачатак пілігрымкі - 5 жніўня 2011 г.; св. Імша будзе цэлебравана а 7-й гадзіне раніцы.
У паломніцтва можна запісацца ў парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ (Гродна – Паўднёвы) ці па тэлефонах:
8029 78 40572 (кс. Юрый Марціновіч),
8029 36 79645 (Раман),
8033 68 62116 (Іяланта).
Арганізацыйная сустрэча для ўсіх паломнікаў адбудзецца 3 жніўня 2011 г. (серада) а 20-й гадзіне ў касцёле ў Гродне – Паўднёвым.
Запрашаем усіх прыняць удзел у паломніцтве! Мы верым, што ў гэтым годзе на паломніцкім шляху будзе значна больш чалавек, якія будуць прагнуць нягодамі і ахвярай выпрошваць неабходныя ласкі для ўсёй дыяцэзіі, а таксама для сябе і іншых.
Ад імя арганізатараў – кс. Юрый Марціновіч, кіраўнік пілігрымкі