
Супольная сустрэча настаўнікаў і выхавацеляў распачалася 1 ліпеня а 15-й гадзіне. Восем чалавек з нашага горада разам са сваім душпастырам ксяндзом Антоніем Грэмзам накіраваліся ў залу айца Аўгустына Кардэцкага, дзе нас прывітаў біскуп Эдвард Дайчак – дэлегат Канферэнцыі Полькага Епіскапата, душпастыр Агульнапольскага душпастырства настаўнікаў.
Пасля вяночка да Божай Міласэрнасці распачаўся X Агульнапольскі сімпозіум настаўнікаў, які складаўся з трох этапаў. Спачатку доктар а. Рафал Шымковяк OFMCap прадставіў свае разважанні па праблеме “Чаму школе неабходна супрацоўніцтва?”. Пасля распачалася дыскусія “Як гэта мажліва?”, падчас якой прадстаўнікі інтэграцыйнай школы № 71 імя Эдмунда Баяноўскага ў Варшаве, каталіцкай школы імя Яна Паўла ІІ у Жарах і агульнаадукацыйнай школы ў Скачове (асоба з кіраўніцтва школы і маці дзіцяці, якое ў дадзенай школе вучыцца) раскрывалі на прыкладзе ўласнай школы метады і формы супрацоўніцтва школы, касцёла, дзяцей і бацькоў. Маці дзяцей распавялі аб праблемах такога супрацоўніцтва. Напрыканцы мы выслухалі рэферат прафесара Кацярыны Ольбрыхт “Настаўнік, які будуе адносіны”.
Адметным у гэтых трох этапах было тое, што гэта былі не статычныя лекцыі, а палілог: кожны ўдзельнік паломніцтва мог далучыцца да разважанняў, выказаць сваё меркаванне па пэўнай праблеме, задаць пытанне выступоўцы. А мы ацэньвалі праблемы польскай школы, зыходзячы з беларускіх рэалій.
А 21-й гадзіне быў Яснагурскі зварот; потым – біблейная гадзіна “Любоў утварае супольнасць”. Праводзілі яе настаўнікі душпастырства Кашалінска-Калабжэгскай дыяцэзіі разам з кс. Войцехам Вайтовічам. Тэма сустрэчы адпавядала актуальнай праграме душпастырскага Касцёла ў Польшчы і дэвізу паломніцтва: “Школа ў супольнасці з сям’ёй і Касцёлам”. Толькі ў Хрысце, Настаўніку любові, можна знайсці бязмерную моц у пошуках людскіх каштоўнасцей. Малітва грунтавалася на разважаннях пра любоў разам з бл. Янам Паўлам ІІ і св. Янам – Апосталам любові. Лектарам быў кс. Вітальд Андрэеўскі з Гожува Велькапольскага.Такой формай малітвы мы змаглі яшчэ раз умацавацца ў веры, стаць больш трывалымі і вынослівымі ў працы з дзецьмі.
Дзень закончыўся а 23-й гадзіне Святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Эдвард Дайчак.
Субота, 2 ліпеня, распачалася а 9-й гадзіне ружанцам. У Таямніцы Святла мы разважалі пра паставу настаўніка ў нашы дні, пра акт запрашэння Маці Божай да сваёй працы, каб словы настаўніка былі для дзяцей святымі і аўтарытэтнымі, вялі да сапраўднай і сталай мудрасці і ўзрастання ў чалавечнасці разам з Богам. Таямніца Святла праекцыравася на постаць бл. Яна Паўна ІІ, яго дарогу святла, дарогу да неба, святасці і дасканаласці.
А 12-й гадзіне адбылася пантыфікальная Сума, якую цэлебраваў біскуп Тадэвуш Ракочы.
А 15-й гадзіне разам з біскупам Эдвардам Дайчакам мы пайшлі Крыжовым шляхам па Яснагурскіх Валах, успамінаючы пакуты Езуса, Яго любоў да чалавецтва і самаахвярнасць дзеля нашага жыцця, нашай свабоды ў Богу.
Падчас малітвы адпраўлення мы дзякавалі Чорнай Мадонне за мінулы навучальны год і прасілі аб бласлаўленні на далейшую плённую працу ў навучанні і выхаванні дзяцей і моладзі.
Марыя Багдзевіч