7 чэрвеня ў Гервятах (Астравецкі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй сёлета не было натоўпаў вернікаў, якія штогод наведваюць у гэты дзень святыню, што з-за яе прыгажосці называюць “беларускім Нотр-Дамам”.
На парафіяльны адпуст прыбыў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў урачыстую святую Імшу. Прысутнічалі і святары з Астравецкага дэканату.
Падчас Эўхарыстыі маліліся ў інтэнцыі ўсёй парафіі і яе гасцей, а таксама аб спыненні эпідэміі ў нашай краіне і ўсім свеце.
Удзельнікаў літургіі, прысутных у святыні, а таксама тых, хто злучыўся з супольнасцю Касцёла праз сродкі масавай інфармацыі, прывітаў пробашч парафіі кс. Эліяс Маркаўскас. Ён падкрэсліў, што ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы для гервяцкай парафіі – выключны дзень, дзень аднаўлення веры ў Бога ў Тройцы Адзінага.
Біскуп Юрый Касабуцкі ў гаміліі адзначыў, што гэтая ўрачыстасць – нагода, каб задумацца над адной з найвялікшых таямніц нашай веры, бо мы праслаўляем Адзінага Бога ў Трох Асобах: Айца, Сына і Духа.
Іерарх дадаў, што ў гэты дзень, калі праслаўляем Адзінага Бога, то праслаўляем любоў, якой з’яўляецца сам Бог. Таму ён зaклікаў, каб “нашыя рукі былі напоўнены добрымі ўчынкамі, а сэрцы напоўнены верай, нашым адданнем міласэрнаму Пану”. На заканчэнне гаміліі біскуп пажадаў усім моцнай веры, надзеі i даверу Богу.
Кс. Юрый Марціновіч