Skip to main content

Біскуп Кашкевіч: Божы супакой у нашых сэрцах

13 ліпеня ў 19.00 на фартах каля Навумавіч, на месцы расстрэлу гітлераўцамі ў 1943 г.жыхароў Гродна і Ліпска, была адпраўлена ўрачыстая св. Імша, якую ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Пастыр нашай дыяцэзіі адзначыў: “Гэта асаблівае месца, на якім мы хочам ушанаваць памяць бл. Мар’яны Бярнацкай, настаўніцы гераічнай любові да бліжняга, святароў з Гродна і суседніх мясцовасцей, а таксама звычайных людзей, якія бязвінна загінулі на навумавіцкіх фартах за г. Гродна”.
Казанне прамовіў кс. Аляксандр Мацкевіч, вікарый Пабернардзінскай парафіі ў Гродне, які прыгадаў сабраным постаці герояў, якія аддалі сваё жыццё. Казнадзей сказаў: “Вялікая любоў да Бога расстраляных на гэтай зямлі людзей прывяла да таго, што яны сталі Святымі. Крыж Хрыста стаў для іх знакам любові”. Казнадзей заахвоціў сабраных вернікаў, каб па прыкладзе бласлаўлёных яны заўсёды былі верныя праўдзе, паказваючы тым сваю сапраўдную чалавечнасць. На заканчэнне літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў: “Няхай супольная памяць і малітва за загінуўшых падчас Другой сусветнай вайны, асабліва з нашай зямлі, дапаможа нам дбаць пра рост узаемнай любові і Божага супакою ў нашых сэрцах”. На супольную малітву прыбыло шмат гродзенцаў, а таксама вернікаў з навакольных вёсак і мястэчак. Прыбыла таксама пешая пілігрымка вернікаў усходняга абраду, якую арганізаваў айцец Андрэй Крот.