10 мая парафія св. Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат) прывітала свайго новага пробашча, які афіцыйна прыняў апеку і клопат над гэтай даручанай яму супольнасцю.
Згодна з рашэннем біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, новым пробашчам гэтай парафіі быў прызначаны кс. Віктар Захарэўскі, які замяніў на гэтым месцы кс. Паўла Звяжынскага.
Увядзенне на пасаду новага душпастыра здзейсніў дэкан Астравецкага дэканату кс. Юзаф Багдзевіч. Дзеці правялі ў вяночку свайго новага пробашча ад парафіяльнага дома да святыні. На яе парозе кс. Захарэўскага прывіталі вернікі хлебам і соллю, а затым запрасілі ў касцёл, дзе адбылася святая Імша.
Варнянская парафія вельмі старая, бо была створана ў 1462 г. Сённяшні касцёл пабудаваны ў 1769 г., асвячаны ў тым жа годзе, зачынены пасля II Сусветнай вайны i прыстасаваны пад клуб. Святыня была вернута парафіянам у 1990 г., і з таго часу вернікі збіраюцца ў ёй на малітве. Парафіі належыць таксама капліца св. Юрыя ў Вароне, пабудаваная ў першай палове XVIII ст.
Новы пробашч падкрэсліў, што ў супольнасці з вернікамі будзе прыкладваць шмат намаганняў, каб гэтая святыня сваёй прыгажосцю прыцягвала не толькі парафіян, але і розных турыстаў і пілігрымаў. Святар заахвоціў сваіх новых парафіян супольна ісці шляхам да збаўлення, указаным Езусам Хрыстом.
Кс. Юрый Марціновіч