10 мая вернікі парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні на святой Імшы дзякавалі за шматгадовае служэнне ў парафіі свайму пробашчу кс. Алегу Жураўскаму. Далей святар будзе служыць у адной з парафій Гродзенскай дыяцэзіі.
На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі, сёстры законныя, святары, якія служаць ў парафіі св. Арханёла Міхала. кс. Алег Жураўскі цэлебраваў св. Імшу ў інтэнцыі падзякі вернікам парафіі. А прадстаўнікі парафіі дзякавалі свайму былому пробашчу за служэнне у Смаргоні.
Ксёндз Алег з 2014 года спаўняў пастырскае служэнне ў Смаргоні ў якасці дырэктара салезіянскай супольнасці і пробашча парафіі. У парафіі ён быў не толькі чулым душпастырам, але і руплівым гаспадаром, таленавітым рэстаўратарам.
Менавіта пад яго кіраўніцтвам гістарычная парафіяльная святыня набыла назву “каштоўная пярліна Смаргоншчыны”. Дзякуючы намаганням пробашча касцёл, які пабудаваны больш за 400 гадоў назад, быў грунтоўна адрамантаваны. Святыня, якая з’яўляецца помнікам архітэктуры эпохі Рэнесансу, набыла новы алтар, новы галоўны абраз заступніка парафіі святога Арханёла Міхала, стацыі Крыжовага шляху і шмат іншых штрыхоў, якія на самой справе пераўтварылі парафіяльную святыню ў пярліну.
На працягу ўсіх гэтых гадоў кс. Алег клапаціўся не толькі пра выгляд святыні, але і пра духоўнае жыццё сваіх вернікаў. Ён быў у парафіі сапраўдным пастырам, пра што сведчыць колькасць малітоўных рухаў і суполак, якія існуюць тут. Колы Жывога Ружанца, “Легіён Марыі”, Апостальства дапамогі душам чыстцовым, малітоўныя рухі “Маргарыткі” і “Маці ў малітве”, парафіяльны хор, дзіцячы хор мелі магчымасць збірацца на супольныя малітвы ў святыні і моладзевым цэнтры, які існуе ў парафіі.
Ксёндз Алег Жураўскі аказваў пастаянную духоўную і матэрыяльную падтрымку дзеля таго, каб малітоўнае жыццё ў парафіі было жывым і дзейсным.
Яго намаганнямі ладзіліся пілігрымкі вернікаў па беларускіх святынях, кожны тыдзень адбывалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, праводзіліся маёвыя набажэнствы, ружанцовыя малітвы. Святар аказваў дапамогу малітоўным суполкам у падрыхтоўцы да адарацый і самае галоўнае – чуваў на малітве са сваімі вернікамі.
Заслугоўваюць увагі сацыяльныя праекты гарадскога значэння, якія ладзіліся ў цесным кантакце з мясцовымі ўладамі. Так, пад кіраўніцтвам кс. Алега штогод прадстаўнікі парафіі аказвалі дапамогу выхаванцам сацыяльна-педагагічнага цэнтра, кожны тыдзень святар наведваў хворых раённай бальніцы.
Глыбокая павага да людзей, інтэлігентнасць дапамагалі кс. Алегу ва ўсіх пытаннях атрымліваць падтрымку ў кіраўніцтва Смаргонскага раёна, дзякуючы гэтаму вернікі парaфіі мелі магчымасць ажыццяўляць шматлікія працэсіі вуліцамі горада і такім чынам быць сапраўднымі сведкамі Езуса.
Наталля Субко
Фота: з архіву парафіі з мінулых гадоў