У гэты цяжкі час, калі ўвесь свет, у тым ліку наша краіна, вядзе барацьбу з распаўсюджаннем вірусу, шмат неабыякавых людзей дапамагаюць службе аховы здароўя. Менавіта на яе працаўніках ляжыць цяжар ратавання чалавечага жыцця.
Шмат парафій нашай дыяцэзіі таксама нясе канкрэтную дапамогу шпіталям і санстанцыям у нашай вобласці.
Парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі і іўеўскі філіял дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі перадалі для шпіталя і санэпідстанцыі ахоўныя камбінезоны, маскі і бахілы, пашытыя парафіянамі.
Таксама былі перададзены аднаразовыя гумавыя пальчаткі і аднаразовыя санітарна-гігіенічныя камбінезоны.
Ад імя вернікаў дапамогу перадаў пробашч парафіі кс. Ян Гавецкі. Таксама святар пажадаў тым, хто служыць хворым і закранутым цярпеннем, шмат сіл і трываласці ў штодзённым служэнні.
Кс. Юрый Марціновіч