Skip to main content

Тракелі: звыш 14 тысяч вернікаў у санктуарыі

Сёлетняя ўрачыстасць у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях адбылася пад дэвізам „Totus Tuus”. Словы герба бл. Яна Паўла ІІ спадарожнічалі ўсім пілігрымкам і ўдзельнікам малітоўнага спаткання ў Тракелях. У гэтым годзе мы дзякавалі Богу за дар беатыфікацыі бл. Яна Паўла ІІ, а таксама за 20 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі, якую заснаваў Папа паляк.

Урачыстасць распачалася ў пятніцу вечарам 8 ліпеня выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту і адспяваннем Марыйнага Звароту. Ужо традыцыйна пачаткам начнога чування стала канферэнцыя, з якой да сабраных вернікаў звярнуўся дзекан Ашмянскага дэканату кс. Ян Пузына. Казнадзей, прамаўляючы канферэнцыю на тэму міласэрнасці і любові, нагадаў, што Касцёл у Беларусі ў гэтым годзе перажывае год міласэрнасці, а таксама тое, што пастыр нашай дыяцэзіі ў сваім біскупскім гербе мае словы “Езу, давяраю Табе”. Ксёндз дзекан таксама адзначыў, што “кожны чалавек пагружаны ў Божую міласэрнасць, якая цяпер вельмі неабходна свету”. Пасля канферэнцыі асобныя парафіяльныя групы: ксяндзы, клерыкі, манаскія сёстры, моладзь і бацькі са сваімі дзецьмі – маліліся перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам.

Апоўначы ў санктуарыі адбылася св. Імша, якую ў гэтым годзе ўзначаліў ксёндз біскуп Антоній Дзям’янка. Ужо стала традыцыяй, што перад св. Імшой апоўначы вернікі са свечкамі ідуць у працэсіі вуліцамі мястэчка. У гэтым годзе падчас працэсіі вернікі неслі два абразы: Маці Божай Тракельскай і Езуса Міласэрнага, перэгрынацыю якога мы ў гэтым годзе перажываем у нашай дыяцэзіі. Падчас гаміліі кс. бп Антоні прыгадаў вернікам аб развіцці марыйнага культу і адзначыў, як моцна чалавек любіць Найсвяцейшую Панну Марыю. Ксёндз біскуп асабліва адзначыў, што гэтае месца, Тракелі, вельмі важнае для яго, таму што тут ён пачуў рашэнне Папы, які назначыў яго дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Пасля адпраўленай Эўхарыстыі многія вернікі ўдзельнічалі ва ўсяночнай адарацыі. Гэтай ноччу было шмат малітвы на ружанцы, вяночка да Божай міласэрнасці і спеву. Разам з моладдзю ў Тракелях маліўся таксама і гурт нашай духоўнай семінарыі „AVE”, які а 4-й раніцы выступіў з канцэртам. Раніцай вернікі адспявалі гадзінкі да Маці Божай, прынялі ўдзел у св. Імшы, якую цэлебравалі ксяндзы, пасвечаныя ў гэтым годзе. Пасля Імшы неапрэзбітэры раздалі ўсім свае прыміцыйныя абразікі і ўдзялілі Божае бласлаўленне. Затым выступіў гурт “Май” з парафіі Квасоўка.

Галоўную св. Імшу ў суправаджэнні вялікай колькасці святароў і вернікаў, а таксама ксяндзоў біскупаў Аляксандра Кашкевіча і Казіміра Вялікасельца адправіў метрапаліт Мінска-Магілёўскі і адміністратар Пінскай дыяцэзіі кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч. Метрапаліт звярнуўся да вернікаў з казаннем, у якім адзначыў, што чалавек павінен быць моцным па прыкладзе Марыі. Ён таксама прыгадаў, што санктуарый у Тракелях з’яўляецца месцам малітваў за сем’і. “Калі мы сёння хочам глядзець у будучыню, калі хочам будаваць цывілізацыю жыцця і любові, мы павінны перш за ўсё выхоўваць сем’і, ратаваць іх, таму што сям’я з’яўляецца асноўным элементам нашага грамадства”, – сказаў казнадзей. А пазней дадаў, што без сям’і мы не зможам пабудаваць аніякага грамадства, таму ўсе сем’і ён даверыў Маці Божай Тракельскай. На заканчэнне Эўхарыстыі пастыр нашай дыяцэзіі ў спецыяльнай малітве перад абразом Маці Божай Тракельскай таксама даверыў яе апецы ўсе сем’і і сабраны Божы Люд. Сёлетняя ўрачыстасць у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях скончылася ўрачыстым бласлаўленнем.

На заканчэнне ўрачыстасці ў Тракелях ксёндз Павел Галіньскі, кусташ санктуарыя, падзякаваў усім за прысутнасць і заахвоціў да наведвання гэтага месца на працягу ўсяго года.