Skip to main content

Шылавічы: 500 год парафіі

Ужо ў 1511 г. у Шылавічах быў пабудаваны новы драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы. У гэтым жа годзе паўстала парафія. Прайшло 500 год, касцёл ужо іншы, але вернікі па сённяшні дзень моляцца як адна парафіяльная сям’я. У апошнія гады аб духоўным развіцці вернікаў шылавіцкай парафіі клапоцяцца ксяндзы міхаліты і сёстры з супольнасці Маці Божай Міласэрнай ад св. сястры Фаустыны.

З нагоды 500-годдзя паўстання парафіі 1 ліпеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч быў галоўным цэлебрантам урачыстай св. Імшы. На ёй прысутнічаў таксама айцец генерал супольнасці ксяндзоў міхалітаў. Падчас св. Імшы з гаміліяй да вернікаў звярнуўся кс. Раман Катлімоўскі, які нагадаў вернікам словы бл. Яна Паўла II: “Чалавек з’яўляецца шляхам Касцёла, а шляхам Касцёла – Хрыстус”. Казнадзей заахвоціў вернікаў, каб яны сёння гэтак жа, як калісьці, дбалі пра свае святыні.

Потым адбылася працэсія з дарамі, удзельнікі якой былі апрануты ў вопратку розных эпох, адлюстроўваючы тым самым гісторыю парафіі ў Шылавічах.

На заканчэнне св. Імшы пастыр дыяцэзіі падзякаваў мясцоваму душпастыру кс. Мар’яну Хаменю і ўсім яго супрацоўнікам за духоўную апеку над шматлікімі вернікамі.

У гэты дзень святыня была запоўнена вернікамі з шылавіцкай парафіі, а таксама з Ваўкавыска і ваколіц. Ксёндз біскуп асвяціў копію іконы Маці Божай: на ёй прадстаўлена Марыя, якая наступае на галаву вужа. Вернікі і госці маглі прыняць удзел у парафіяльнай урачыстасці, канцэрце і артыстычнай праграме.