Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у спецыяльным слове, скіраваным на IV Велікодную нядзелю, якая традыцыйна называецца Нядзеляй Добрага Пастыра, звяртаецца да вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі з просьбай аб трывалай і руплівай малітве ў інтэнцыі пакліканняў да святарства, каб было шмат адважных, якія пойдуць за голасам Езуса Хрыста, прысвячаючы сваё жыццё людзям і Богу.
Іерарх просіць таксама аб малітве ў інтэнцыі святароў, якія спаўняюць служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне, каб Хрыстус Пан умацаваў іх у пакліканні, асвячаў сваёй ласкай і нястомна узмацняў у служэнні Божаму народу.
Слова біскупа Аляксандра Кашкевіча на Нядзелю Добрага Пастыра
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!
Як і штогод, у IV Велікодную нядзелю, якая традыцыйна называецца Нядзеляй Добрага Пастыра, разам з усім паўсюдным Касцёлам мы адзначаем Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях. У чарговы раз ён нагадвае нам праўду аб тым, што пакліканне абраных людзей да сакрамэнтальнага святарства з’яўляецца асаблівым дарам Хрыста Уваскрослага для супольнасці Касцёла. Як члены містычнага Цела Хрыста мы павінны за гэты дар нястомна дзякаваць Пану, а адначасова з верай і пакорай прасіць Яго, каб нястомна адорваў свой Касцёл новымі, шматлікімі, добрымі, святымі святарскімі пакліканнямі.
Сёння як пастыр Касцёла на Гродзеншчыне звяртаюся да кожнага з вас, дарагія браты і сёстры, з просьбай аб трывалай і руплівай малітве ў інтэнцыі пакліканняў да святарства ў нашай дыяцэзіі. Няхай Добры Бог адкрые сэрцы маладых людзей, каб пачулі заклік Хрыста: “Ідзі за Мной”, i няхай адорыць іх верай і адвагай, каб на гэты заклік далі станоўчы адказ.
Прашу вас таксама аб малітве ў інтэнцыі святароў, якія спаўняюць служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне, каб Хрыстус Пан умацаваў іх у пакліканні, асвячаў сваёй ласкай і нястомна узмацняў у служэнні Божаму народу.
Дзякую ўсім, хто падтрымлівае справу пакліканняў духоўна і матэрыяльна. Дзякую членам апостальства “Маргарытка”, якія шмат гадоў атачаюць штодзённай малітвай святароў, просячы для іх патрэбных ласкаў у рэалізацыі паклікання. За кожную вашу малітву, за кожны ўчынак дабрыні да святароў няхай Добры Бог шчодра ўзнагародзіць.
На велікадушнае і ахвотнае ўключэнне ў справу малітвы аб пакліканнях у нашым Касцёле на Гродзеншчыне ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, ад усяго сэрца благаслаўляю.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
_________________
Шаноўных ксяндзоў пробашчаў і адміністратараў парафій Гродзенскай дыяцэзіі прашу прачытаць вернаму народу гэтае Слова ў нядзелю 03.05.2020 г. падчас кожнай святой Імшы ў межах парафіяльных аб’яваў.
Гродна, 30.04.2020
№ 167/20
Версія для друку.
Версія на польскай мове.