
У панядзелак, 4 ліпеня, у гродзенскай катэдры а 9-й гадзіне была цэлебравана ўрачыстая св. Імша на пачатак 13-й пешай пілігрымкі Гродна – Тракелі. Галоўным цэлебрантам св. Імшы быў кс. пралат Антоні Ханько, генеральны вікарый нашай дыяцэзіі. Гамілію абвясціў рэктар Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі кс. Юзаф Станеўскі, які падкрэсліў духоўнае значэнне пілігрымкі і тую вялікую ахвяру, якую складаюць пілігрымы падчас вандроўкі да Маці Божай. Ксёндз рэктар таксама папрасіў паломнікаў, каб яны занеслі да ног Тракельскай Марыі інтэнцыі семінарыі, а асабліва памяталі ў малітвах пра новыя і шматлікія пакліканні. Ксёндз Юзаф параўнаў пілігрымаў да цаглінак у будынку святыні і струменьчыкаў, якія, уплываючы ў раку, напаўняюць яе вадой. Кожная цэгла і кожны струменьчык павінны быць моцнымі і прыгожымі, каб Касцёл стаяў стагоддзямі, а рака плыла далёка. Кожны вернік абавязаны фарміраваць сябе самога, умацоўваць уласную веру, каб Касцёл мог жыць.
На заканчэнне св. Імшы быў асвечаны новы паломніцкі крыж, выкананы вязнямі, а кс. пралат паблаславіў пілігрымаў на іх паломніцкі высілак.
У інтэрв’ю нашаму парталу ксёндз пралат Антоні заўважыў, што паломніцтва – гэта перш за ўсё фізічная і духоўная ахвяра, якую можа скласці кожны пілігрым. “Мы павінны вучыцца складаць духоўную ахвяру з сябе, - падкрэсліў святар. - Сёння свет патрабуе людзей, якія праз малітву здабудуць яго для Маці Божай, для Бога”.
Сёлета, як адзначыў кіраўнік пілігрымкі кс. Павел Салабуда, “з Гродна вырушыла больш за 200 чалавек. У Верцялішках пілігрымаў будзе ўжо 300. На працягу 5 дзён да пілігрымкі далучыцца яшчэ шмат паломнікаў, таму што зараз многія здаюць экзамены ці працуюць, а таму мы плануем, што ў Тракелі з нашай пілігрымкай увойдзе звыш за 400 чалавек”.
Пасля заканчэння св. Імшы паломнікі прайшлі праз горад. Першы іх адпачынак будзе ля касцёла ў Путрышках, а начлег – у Азёрах.
Давайце ў сваіх малітвах памятаць пра паломнікаў у Тракелі.