Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!
У гэтыя дні Касцёл святкуе Пасху — перамогу Езуса Хрыста над смерцю. Але святкаванне сёлета не такое, як звычайна: яно азмрочана падзеямі, звязанымі з сусветнай пандэміяй. Мы бачым, як мала людзей на вуліцах і ў святынях: яны вымушаны заставацца дома на самаізаляцыі, клапоцячыся пра бяспеку сваю і іншых людзей.
Сотні тысяч людзей па ўсім свеце знаходзяцца ў шпіталях, дзе за іх жыццё змагаюцца медыкі — адданыя, але часта бездапаможныя перад абліччам бязлітаснай хваробы. Ужо больш за трыста супрацоўнікаў службы аховы здароўя ў Беларусі заражаны каранавірусам. Папа Францішак, успамінаючы святароў і медыкаў, якія загінулі ў жорсткай барацьбе з каранавірусам, назваў іх «святымі з суседняга двара».
Ізаляваны ў шпітальнай палаце чалавек можа звярнуцца толькі да Бога і да медыка. Медыкі — сціплыя героі нашай рэчаіснасці.
Сёння складаная сітуацыя з эпідэміяй таксама ў Беларусі. Колькасць хворых павялічваецца, расце нагрузка на спецыялістаў. Ужо 25 тысяч медыкаў у шпіталях ратуюць ад страшнай хваробы нашых родных і блізкіх, знаемых і незнаёмых. Кожны дзень мы бачым звароты ў СМІ і сацыяльных сетках аб зборы неабходных сродкаў для супрацоўнікаў устаноў аховы здароўя: патрэбныя бахілы, маскі, спецыяльнае адзенне, гарачыя абеды і нават начлег. Касцёл выказвае сваю ўдзячнасць медыкам і моліцца за іх, але ў гэты час можа стаць для іх не толькі духоўнай падтрымкай.
Свята Божай Міласэрнасці — гэта свята, якое пажадаў усталяваць сам Хрыстус, аддаўшы сваё жыццё за нас. Праяўленне Божай Міласэрнасці стала адказам, надзеяй і падтрымкай для людзей, на якіх у ХХ стагоддзі выпала шмат бедстваў і пераследаў: генацыд на розных узроўнях, дзве сусветныя вайны і таталітарныя рэжымы. Гэтае свята перадае нам надзею і суцяшэнне. Святкаванне Божай Міласэрнасці — час праявіць клопат аб сваёй душы, час малітвы і добрых учынкаў. Таму заахвочваю вас, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце, аказаць пасільную дапамогу тым, хто сёння на перадавой барацьбы з эпідэміяй: нашым лекарам і медыцынскім сёстрам.
Прапануем у Трэцюю Велікодную нядзелю арганізаваць дабравольны збор ахвяраванняў дзеля набыцця неабходных установам аховы здароўя абсталявання і медыцынскіх вырабаў.
Залічэнне сабраных сродкаў належыць здзейсніць на спецыяльна адкрыты для гэтага рахунак Caritas Беларусь (неабходныя рэквізіты пададзены ў Дадатку). Аказаць дапамогу можа кожны, хто жадае далучыцца да акцыі: святар, кансэкраваная асоба, свецкі вернік. Просім пробашчаў, улічваючы цяперашнюю сітуацыю ізаляцыі, данесці гэты зварот да як мага большай колькасці вернікаў, выкарыстоўваючы сродкі масавай камунікацыі. Няхай гэта будзе выразам нашага клопату і адказнасці за кожнае жыццё.
Сродкі, сабраныя ў парафіях, няхай пералічаць адказныя за гэта асобы. Пасля збору матэрыяльнай дапамогі Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прызначыць яе на мэты забеспячэння неабходнымі рэчамі найбольш патрабуючых устаноў аховы здароўя нашай краіны.
Няхай Бог сцеражэ вас і вашых блізкіх!
Мінск, 15 красавіка 2020 г.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Дадатак да Звароту ККББ
Рэквізіты для ахвяраванняў COVID-19:
р/р BY03PJCB31350544160030000933 у ААТ «Пріорбанк»
Код банка PJCBBY2X УНП 101124634
Адрас банка: г. Мінск, вул. В. Харужай, 31-А
Ахвяраванне можна здзейсніць праз сістэму «Разлік» (АРІП): Дабрачыннасць / Грамадскія аб’яднанні – Рэлігійныя аб’яднанні – «Карытас
Беларусь» – Ахвяраванні – COVID-19
Нумар паслугі 7356
На рускай мове:
р/с BY03PJCB31350544160030000933 в ОАО «Приорбанк»
Код банка PJCBBY2X УНП 101124634
Адрес банка: г. Минск, ул. В. Хоружей, 31-А
Пожертвование можно осуществить через систему «Расчет» (ЕРИП): Благотаорительность / Общественные объединения – Религиозные объединения – «Каритас Беларусь» – Пожертвования – COVID-19
Номер услуги 7356
Дадатковая інфармацыя па тэлефоне: +375 (44) 736 17 22 — Ганна Якімовіч