2 красавіка прыпала 15-я гадавіна смерці Яна Паўла ІІ, сёння ўжо святога. Як і пятнаццаць гадоў таму, 2 красавіка 2005 года, у 21 гадзіну 37 хвілін званы іўеўскага касцёла аплаквалі нашага Вялікага Папу, так знанага, блізкага і любага сябра.
Таксама ў гэты час па ініцыятыве кардынала Станіслава Дзівіша, шматгадовага сакратара Папы, іўеўчане, як і вернікі ўсяго свету, у сваіх дамах прачыталі акт даручэння Божай Міласэрнасці. Перад абліччам пандэміі, якая закранула чалавецтва, яны з новым запалам даручылі Пану Богу ўвесь свет, а найперш свае сем’і і блізкіх.
Іўеўскія вернікі вельмі шануюць гэтага святога, бо ён з’яўляецца апекуном іх горада. На цэнтральнай плошчы Іўя, дзе ўсталяваны помнік у гонар сяброўства і адзінства канфесій Іўеўшчыны, які быў адкрыты ў 2012 г., ёсць барэльеф Яна Паўла ІІ.
Кс. Юрый Марціновіч