Skip to main content

Урачыстасці Божага Цела ў Гродне

23 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана Езуса, у Гродне адбылося галоўнае святкаванне Божага Цела. Урачыстасць распачалася на францішканскім пагорку а 6-й апоўдні супольнай Эўхарыстыяй пад кіраўніцтвам ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча. Традыцыйна ў ёй прынялі ўдзел шматлікія вернікі, якія хацелі ўшанаваць Бога ў Найсвяцейшым Сакраманце.

Звяртаючыся да іх з гаміліяй, Пастыр дыяцэзіі падкрэсліў, што кожны вернік павінен ушаноўваць НайсвяцейшыСакрамант, прад якім “мы кленчым, які ўшаноўваем і перад якім складаем свае просьбы”. Ксёндз Біскуп прыгадаў вернікам пра 20-годдзе ўстанаўлення нашай дыяцэзіі праз бл. Яна Паўла II, а таксама пра тое, што гэты год з’яўляецца годам Максіміліяна Кольбэ, францішканіна, які працаваў у Гродне і які ў Асвенцыме аддаў жыццё за іншага чалавека.

Пасля супольнай Эўхарыстыі распачалася ўрачыстая працэсія вуліцамі горада. Першы алтар, каля якога Евангелле было прачытана па-польску і беларуску, быў устаноўлены каля Францішканскага касцёла. Потым шматлікая працэсія рушыла са спевам праз Нёман да Бернардзінскага касцёла, дзе Евангелле было прачытана па-польску і руску. Далей шлях працэсіі вёў да Брыгіцкага касцёла; тут Евангелле прачыталі па-польску і літоўску. Апошняй стацыяй працэсіі была катэдра, у якой Евангелле абвясцілі па-польску. Напрыканцы, пасля блаславення вернікаў, Ксёндз Біскуп звярнуўся да іх са словамі падзякі, а таксама прыгадаў той фрагмент Евангелля, калі вучні, якія ішлі ў Эмаус, так сказалі Змёртвыхпаўсталаму Езусу, калі той далучыўся да іх: “Застанься з намі, Пане, бо ўжо вечарэе і дзень ужо нахіліўся” (Лк 24, 29), заахвочваючы ўсіх удзельнікаў працэсіі, каб Эўхарыстычны Хрыстос назаўсёды застаўся ў іх сэрцах.