15 сакавіка ў Сапоцкінскім культурна-гістарычным цэнтры адбылося велікапоснае прадстаўленне “Я з вамі...”. Сабралося шмат гледачоў, каб правесці гэты вечар у духоўнай еднасці з церпячым Езусам Хрыстом.
Прадстаўленне падрыхтавалі старэйшыя вернікі сапоцкінскай парафіi Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў супрацоўніцтве з Сапоцкінскім культурна-гістарычным цэнтрам.
У пастаноўцы артысты з дапамогай сцэн са штодзённага жыцця імкнуліся паказаць, што Бог не абыякавы да чалавечых справаў, а асабліва да цярпення; Ён не хоча нашай хваробы, а кожнае аздараўленне, якое здзяйсняе Езус – дзве тысячы гадоў і сёння, – з’яўляецца знакам, што да нас наблізілася Божае Валадарства, знакам Божай моцы.
Прадстаўленне ўтрымлівала глыбокае пасланне, якое падкрэслівала, што нават самыя экстрэмальныя сітуацыі паказваюць, што калі наш цяжар, боль, непакой, страх, неразуменне перажываюцца з Богам, яны ўмацоўваюць сілы чалавека, асвячаюць яго штодзённасць, вядуць да святасці.
Артысты хацелі паказаць, што Бог з намі ў кожнай сітуацыі жыцця, чалавек не раз адыходзіць ад Бога, а Ён заўсёды застаецца на адлегласці працягнутай рукі і да Яго можна вярнуцца з найгоршай згубленасці.
На заканчэнне пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі падзякаваў сёстрам законным з супольнасці Дачок Маці Божай Балеснай (серафіткі) за падрыхтоўку артыстаў, а артыстам – за час, які яны прысвяцілі на падрыхтоўку гэтага прадстаўлення. Святар выказаў удзячнасць таксама кіраўніцтву Сапоцкінскага культурна-гістарычнага цэнтра i яго загадчыку Ганне Галубцовай за плённае супрацоўніцтва на карысць супольнага захавання традыцый і падтрымкі культуры.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Віялета Геда