15 сакавіка, у Трэцюю нядзелю Вялікага посту, якая ў мясцовым Касцёле з’яўляецца нядзеляй Caritas, каталіцкія біскупы Беларусі скіроўваюць спецыяльны ліст да вернікаў, у якім заклікаюць іх не занядбоўваць справы міласэрнасці.
Любоў — адзіная рэч у свеце, якая павялічваецца, калі ёю дзеляцца з бліжнім.
Маці Тэрэза з Калькуты
Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!
Перыяд Вялікага посту схіляе нас задумацца над пытаннем: што значыць любіць у духу міласэрнасці? Любіць так, каб гэтая любоў распаўсюджвалася далей праз сэрцы іншых людзей? У Святым Пісанні знаходзім адказ: «Паступайце ў любові, як і Хрыстус палюбіў нас і аддаў сябе за нас як дар і ахвяру Богу» (Эф 5, 2). Такім чынам, у нашым штодзённым жыцці мы пакліканыя наследаваць прыклад самога Хрыста.
Праўда, камусьці гэты прыклад можа здавацца чымсьці недасяжным; чымсьці такім, што пераўзыходзіць чалавечыя сілы і магчымасці.
Аднак жыццё многіх святых — звычайных людзей, якія з Божаю дапамогаю рэалізавалі гэтыя словы Апостала народаў, — паказвае нам, што гэта не толькі магчыма, але і неабходна для таго, каб не проста называцца, а сапраўды быць вучнямі міласэрнага Хрыста.
Асабліва яскравым узорам жыцця Хрыстоваю любоўю да бліжніх стала ў наш час святая Маці Тэрэза з Калькуты. У ёй як быццам увасобіўся жывы вобраз Хрыста — чулага, простага, адкрытага для ўсіх. Яна паказала, што ў справах міласэрнасці няма дробязяў: нават простая ўсмешка можа стаць для кагосьці падарункам Божай любові. «Кожны раз, калі вы камусьці ўсміхаецеся, — гэта ўчынак любові, падарунак іншаму чалавеку, прыгожая рэч», — казала Маці Тэрэза.
Вядома, усмешка ўпрыгожвае чалавека, але яшчэ больш яго ўпрыгожваюць добрыя ўчынкі. Учынкі і жэсты, якія прыносяць палёгку і суцяшэнне, якія робяць бліжняга больш шчаслівым. Таму прыклад святых становіцца для нас такім прыцягальным сваёй неўвядальнай прыгажосцю. Узор сапраўднага служэння бліжняму, які мы бачым у праслаўленых святых, — гэта не толькі велічна; гэта таксама вельмі прыгожа.
Калі мы больш уважліва прыгледзімся да жыцця святых, якія рабілі ўчынкі міласэрнасці, мы можам быць нават здзіўлены іх простым, будзённым падыходам да жыцця. Яны не шукалі для сябе славы, не імкнуліся здзейсніць нешта вялікае і гераічнае, не стараліся змяніць свет. Яны проста з любоўю клапаціліся пра сваіх бліжніх, пра сваіх патрабуючых братоў і сясцёр, выкарыстоўваючы кожную магчымасць для таго, каб рабіць ім дабро.
Іх справы не толькі прынеслі камусьці палёгку і суцяшэнне. Яны сталі прыкладам для іншых хрысціянаў і вучаць нас таму, як і мы павінны ставіцца да нашых братоў і сясцёр, асабліва да патрабуючых: бедных, хворых, самотных, пакрыўджаных. «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы <…> Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам», — кажа Езус сваім вучням, пачынаючы ад Апосталаў і ва ўсе наступныя часы. Ягоны загад — гэта наказ любові, які мы пакліканы рэалізоўваць у штодзённых справах міласэрнасці да бліжніх.
Аднак пры гэтым варта памятаць, што сапраўдная міласэрнасць не толькі ў тым, каб дапамагчы камусьці матэрыяльна, прысвяціць іншаму чалавеку свой час, увагу і апеку.
Не менш важна стымуляваць чалавека да таго, каб ён мог палепшыць сваё жыццё з дапамогаю новай працы, навучання, перамены адносінаў і звычак. Часта нават людзі хворыя і нямоглыя маюць у сабе вялікі нерэалізаваны патэнцыял. Неабходна дапамагчы ім задзейнічаць яго для таго, каб іх жыццё стала больш поўным, а яны самі — больш шчаслівымі і рэалізаванымі людзьмі.
Папа Бэнэдыкт XVI нагадвае сучасным хрысціянам: «Важна і неабходна мець на ўвазе, што „практычная дзейнасць заўсёды будзе недастатковай, пакуль не будзе відавочная ў ёй любоў да чалавека, любоў, якая жыве сустрэчай з Хрыстом“ (Deus Caritas еst 34). І таму дабрачынная місія шматлікіх каталіцкіх арганізацый не павінна абмяжоўвацца толькі зборам альбо размеркаваннем сродкаў, але заўсёды праяўляць асаблівую ўвагу да патрабуючых, а таксама выконваць асаблівую педагагічную функцыю ў хрысціянскай супольнасці, вучачы дзяліцца, паважаць і любіць згодна з логікай Евангелля Хрыста. Дабрачынная місія Касцёла на ўсіх узроўнях павінна пазбягаць рызыкі ператварыцца ў звычайную арганізацыю дапамогі, становячыся толькі адной з яе формаў» (пар. Апостальскае пасланне ў форме motu proprio Папы Бэнэдыкта XVI Intima Ecclesiæ natura de caritate ministranda, Уводзіны).
Словы Папы на пенсіі нагадваюць нам пра тое, што выкананне справаў міласэрнасці ў сацыяльнай сферы — гэта не проста прафесійная дабрачынная дзейнасць. Гэта важная і неаддзельная частка місіі кожнага веруючага хрысціяніна.
Сучасны свет — гэта свет тэхналогій і вельмі хуткіх перамен, аднак і сёння не губляюць сваёй актуальнасці пытанні забеспячэння годнага жыцця чалавека і абароны яго правоў на задавольванне асноўных жыццёвых патрэбаў. Таму і прыклад святых — не толькі сучасных, але і тых, якія жылі ў ранейшыя часы, — застаецца для нас школай выхавання любові ў духу служэння.
Сёння Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas рэалізуе дзясяткі розных праектаў, скіраваных на дапамогу патрабуючым.
Іх мэта — не толькі задаволіць матэрыяльныя патрэбы, але даць людзям духоўную і маральную падтрымку, павысіць іх кваліфікацыю, прайсці перападрыхтоўку, знайсці годнае месца працы, навучыць правільна выкарыстоўваць сродкі. Усё гэта стварае матывацыю для больш поўнага і шчаслівага жыцця ў адпаведнасці з асабістай сітуацыяй кожнага.
Дарагія вернікі Каталіцкага Касцёла на Беларусі, з пастырскім клопатам пра нашу агульную будучыню мы заклікаем вас у штодзённым жыцці наследаваць прыклад Збаўцы і шматлікіх святых, якія далі ўзор міласэрнай любові і адданага служэння бліжнім. Няхай іх прыклад вас натхняе на пасільныя добрыя ўчынкі, а іх заступніцтва выпрошвае ласку для перамены сэрцаў, каб іх напаўняла ахвярная любоў Хрыста. Не будзем жа забывацца, што ў любові няма дробязяў: кожная дапамога бліжняму мае вялікую каштоўнасць у вачах нашага агульнага нябеснага Айца, а кожны добры ўчынак робіць нас унутрана прыгажэйшымі.
На час перажывання Вялікага посту ў духу міласэрнай любові і сапраўднага хрысціянскага жыцця сардэчна благаслаўляем у Імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Мінск, 11 сакавіка 2020 г.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Версія для друку.
Версія на польскай мове.